Пецярбургскія католікі візантыйскага абраду з сакавіка гэтага года будуць служыць беларускамоўную Боскую Літургію. Мяркуецца, што набажэнства мае адбывацца штомесяц у касцёле Успення Прасвятой Дзевы Марыі, што месціцца па адрасе: Санкт-Пецярбург, вул. 1-я Чырвонаармейская, 11, станцыя метро Тэхналагічны ўніверсітэт.
Узначаліць першую Боскую Літургію па беларуску а. Кірыл, настаяцель парафіі «Кірыла і Мяфодзія» у Пецярбургу, якая адбудзецца 10 сакавіка а 10:00 у левай частцы касцёла Успення Прасвятой Дзевы Марыі. Напярэдадні, 9 сакавіка а 18:00 будзе адслужана Вячэрняя служба. Таксама вядуцца перамовы пра тое, каб распачаць службы і на ўкраінскай мове.
Ініцятары — пецярбуржцы беларускага паходжання — сцвярджаюць, што ідэя беларускай Літургіі не новая, і некалькі гадоў таму ў тым самым Храме служылася святая Імша па-беларуску ксяндзом Сяргеем Сурыновічам, але пасля яго ад’езду справа заціхла. Аднак у такім горадзе з беларускімі каранямі, як Санкт-Пецярбург, павінна гучаць малітва на мове Яна Баршчэўскага, які напісаў тут свайго вядомага «Шляхціча Завальню» і а. Антона Неманцэвіча, які нарадзіўся ў паўночнай сталіцы Расіі і спрычыніўся да развіцця Уніі.
Вернікі парафіі «Кірыла і Мефодзія» спадзяюцца, што роднае слова ў Царкве паслужыць і абуджэнню веры і нацыянальнае самасвядомасці той часткі беларусаў, што была адарваная ад жыватворных каранёў на Бацькаўшчыне, а таксама паслужыць дадатковай падставай для згуртавання і развіцця сяброўскіх адносінаў паміж суродзічамі.
Між іншым, пытанне правядзення набажэнстваў па-беларуску цяпер разглядаецца і беларуская дыяспарай у Маскве.
Для каардынацыі звяртайцеся па тэл. +7-921-922-12-04, Генадзь
Дадатковая інфармацыя тут