Гэта трэба мець талент – не жыць у Беларусі з 70-х і зрабіць так, каб на радзіме пра цябе ведалі. Каб і не падазравалі многія, што насамрэч ты даўным-даўно жывеш у іншай краіне. І з’язджаў жа ты адсюль не якойсьці супервядомай асобай – проста чалавекам, які хацеў праводзіць раскопкі.
Мікалай Нікалаеў ужо многія гады працуе ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы. І працуе не абы-як, калі ўспомніць, што ў гэтай адной з найгалоўнейшых устаноў культуры Расіі ён займае пасаду загадчыка аддзела рэдкіх кніг. Аднак сваёй дзейнасцю ён чымсьці нагадвае засланага казачка – умела скарыстоўвае даступны яму кніжны фонд, каб актыўна вяртаць яго беларускую частку радзіме.
З бібліятэкарам, гісторыкам і проста беларусам Мікалаем Віктаравічам Нікалаевым мы пагутарылі пра тое, што пашкодзіла яму стаць археолагам, а таксама пра тыя самыя фонды Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, што маюць дачыненне да Беларусі.
− Як Вы трапілі ў гэтую бібліятэку?
− Выпадкова. Прыехаў у Ленінград папрацаваць. Хацеў вучыцца на археолага. Сказалі, няма месца, ідзі папрацуй у бібліятэцы. Я прыйшоў і ўбачыў гэтыя кнігі. У мяне ажно вочы загарэліся.
Працаваў з новымі кнігамі, але меў права карыстацца і рэдкімі. А чытаць я іх мог, бо закончыў гістарычны факультэт БДУ. Ну вось гэта так захапіла, што больш за 30 год тут і працую.
− З археалогіяй, значыць, было пакончана?
− Чыста па інерцыі я паступаў у аспірантуру, але мне не хапіла характарыстыкі партыйнай арганізацыі. Можа, і дзякаваць богу, бо хутка надарылася перабудова, і ў археолагаў закончыліся грошы на раскопкі. А бібліятэкары перасядзелі за тоўстымі сценамі, і ім ніхто не перашкаджаў займацца гісторыяй. З таго часу я напісаў дзве манаграфіі пра гісторыю беларускіх кніг.
− Што за кнігі знаходзяцца пад апекай вашага аддзела?
− Па-першае, інкунабулы. Інкубула – гэта калыска. У нас знаходзяцца кнігі калыскавага перыяду кнігадрукавання, ад Гутэнберга да 1500 года.
У нас самая вялікая калекцыя кніг Скарыны.
Ёсць першадрукі фактычна ўсіх краін і народаў.
Ёсць розныя рэдкія калекцыі, як напрыклад, калекцыя пераплётаў. Ёсць калекцыя ўлётак часоў Французскай рэвалюцыі, калекцыя ўлётак Кастуся Каліноўскага, і калекцыя “Мужыцкай праўды” ёсць таксама.
− Такім чынам, Вы ўжо пачалі распавядаць пра беларускія фонды РНБ. Што яшчэ тут можа зацікавіць беларускага даследчыка?
− Беларускіх фондаў як такіх тут няма. Ёсць сховішча, якое называецца “Рускi фонд” – гэта ўсё, што надрукавана кірыліцай. Але там сапраўды шмат матэрыялаў, датычных Беларусі. У прыватнасці, у нас знаходзяцца 3 Полацкія пергаменныя евангеллі, у тым ліку самая старажытная кніга, якая цалкам захавалася, – Полацкае евангелле ХІІ стагоддзя. Гэта вельмі цікавыя рэчы з прыпіскамі палачан рознага часу.
Ёсць карты і атласы, прывезеныя з Полацка. Яны ў аддзеле картаграфіі. Ёсць цікавыя нотныя матэрыялы – у аддзеле нот і гуказапісу. Ёсць практычна ўсё, што надрукавана ў Беларусі ў часы Расійскай імперыі, таму што тады быў закон, які абавязваў усе друкарні дасылаць у Імператарскую бібліятэку 2 сігнальныя экзэмпляры. Немцы ў Ленінград не ўвайшлі, усё засталося на месцы. Праўда, частку забралі палякі. У 1921 годзе быў заключаны Рыжскі мір, і Польская рэспубліка атрымала рэвентыкацыю – вяртанне польскіх рэчаў, якія царызм вывез. Польшча трактавала сябе як спадкаеміца Рэчы Паспалітай, і многае, датычнае Беларусі, забрала. Пасля вялікая частка таго згарэла ў Варшаве падчас Другой сусветнай вайны. Цяпер локці кусаюць і ў нас, і ў Варшаве.
Але засталося шмат, і даследчык беларускай мінуўшчыны тут знойдзе сабе матэрыял.
− Пра адзін шлях трапляння кніг у бібліятэку Вы сказалі – праз сігнальныя экзэмпляры друкарняў. Як яшчэ траплялі беларускія кнігі ў галоўную расійскую бібліятэку?
− Шляхоў шмат. Многа дарылі. Так, быў такі ксёндз з-пад Беластока Іосіф Малышэвіч, які падарыў у Імператарскую бібліятэку тысячы рэдкіх кніг. Яму за гэта ордэн далі. Так да нас трапіў адзіны вядомы тады ў Еўропе асобнік “Паэмы пра зубра” Міколы Гусоўскага.
Былі, канешне, і канфіскаты падчас паўстанняў 1831 і 1863 гг. Удзельнікі паўстанняў былі царскім урадам рэпрэсаваны, а іх бібліятэкі пазабіралі.
Калі царскі ўрад закрываў манастыры на Беларусі – і праваслаўныя, і каталіцкія -- іх наведвалі агенты Імператарскай бібліятэкі і ўсё, чаго ў ёй не было, вывозілі ў Пецярбург.
Акрамя таго, самі ж беларусы прадавалі рэдкія рэчы. Тыя самыя Полацкія евангеллі… Я адмыслова шукаў, як яны сюды трапілі, – прадалі папы. Спачатку кнігі траплялі да багатых калекцыянераў у Маскву ці Пецярбург, але паколькі нават багатыя калісьці мусяць паміраць, то праз адно ці некалькі пакаленняў яны пераходзілі ў бібліятэку.
Так што шляхі паступлення самыя розныя.
− Вы згадалі, што тут знаходзіцца самая вялікая калекцыя кніг Францыска Скарыны. Колькі гэта тамоў?
− Гэта 3 поўныя камплекты Бібліі і ўсе выданні Малой падарожнай кніжыцы. Але тут ёсць адна цікавостка. Калі мы гаворым пра поўныя камплекты, то гэта не значыць, што так яны існавалі з самага пачатку. Справа ў тым, што ў XIX стагоддзі сярод супрацоўнікаў нашай бібліятэкі была такая мода – вышукваць кнігі Скарыны з розных канвалютаў і збіраць пад адной вокладкай. Канвалют – гэта збор розных твораў пад адным пераплётам. Там маглі быць брашуркі, адна кніга Скарыны, нешта яшчэ.
Сёння мы канешне б так не рабілі, бо ўсё ў бібліятэцы павінна захоўвацца ў тым выглядзе, у якім яно сюды трапіла. Тым не менш 3 поўныя камплекты Бібліі Скарыны ў нас атрымаліся менавіта так.
− Беларусь не прасіла нешта з гэтых камплектаў?
− Я ведаю, што да юбілею Скарыны беларусы падняліся і зрабілі факсімільнае выданне. Вастрыня пытання была такім чынам знятая. Каб нехта зараз гаварыў пра перадачу кніг Скарыны, я не чуў.
− Ці мажліва гэта ўвогуле?
− Магчыма. Яшчэ пры Савецкім Саюзе такім чынам з бібліятэкі Акадэміі навук забралі кнігі Віленскага ўніверсітэта і перадалі Літоўскай Акадэміі навук. Думаю, падобны механізм высокім чыноўнікам можна было б адшукаць і зараз, калі б яны мелі да гэтага ахвоту. Ва ўсякім разе, на ўзроўні бібліятэк гэта не вырашаецца. Мы ўсяго толькі ахоўнікі. Калі Міністэрства культуры загадае, бібліятэка аддасць.
Увесь час нашу з Мікалаем Нікалаевым размову слухалі сведкі – тыя самыя інкунабулы, якія стаяць проста за спінай загадчыка аддзела. Бо яго рабочы стол знаходзіцца не дзе-небудзь у асобным кабінеціку, а проста тут, сярод стэлажоў і паліц з рарытэтамі, у тым ліку скарынаўскімі.
Напрыканцы я спытала субяседніка, ці не шкодзіць яму накопленая стагоддямі энергетыка. “Ёсць аддзелы, дзе я сапраўды адчуваю сябе дыскамфортна, але сярод старых кніг працуецца якраз вельмі добра”, - быў адказ аўтара двухтомнай “Гісторыі беларускай кнігі”.
Іна Хоміч, "Брэсцкі кур'ер"