Польскае Міністэрства юстыцыі ўзнагародзіла Наталлю Герасімюк

Залатую адзнаку  “За заслугі ў пенітэнцыярнай працы" ад Міністэрства юстыцыі Польшчы атрымала сябра МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", журналістка Беларускага Радыё Рацыя Наталля Герасімюк. Яна атрымала ўзнагароду за працу са зняволенымі ў следчым арышце ў Гайнаўцы.

Залатую адзнаку  “За заслугі ў пенітэнцыярнай працы" ад Міністэрства юстыцыі Польшчы атрымала сябра МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", журналістка Беларускага Радыё Рацыя Наталля Герасімюк. Яна атрымала ўзнагароду за працу са зняволенымі ў следчым арышце ў Гайнаўцы.

Цягам трох гадоў вязні вучыліся асновам працы на радыё і самі стваралі радыёперадачы, а таксама запісвалі казкі для сваіх дзяцей. Працаваць з вязнямі адначасова лёгка і цяжка, адзначыла Наталля Герасімюк у эфіры Беларускага Радыё Рацыя:

РР: Скажыце калі ласка, за што вы атрымалі гэтую ўзнагароду?

- Сёння ў турэмнай службе Беластока адбылася ўрачыстасць, у час якой я атрымала ад Міністэрства юстыцыі залатую адзнаку за заслугі ў пенітэнцыярнай працы - гэта значыць у турэмнай.

РР: Гэта за матэрыялы на турэмную тэматыку?

- Не за матэрыялы, а за мае майстар-класы, якія я праводжу ўжо трэці год, за заняткі з вязнямі.

РР: А што гэта за майстар-класы?

- Я праводжу іх як валанцёр. Гэта пачалося з супрацы Радыё Рацыя са следчым арыштам у Гайнаўцы. Там я вучыла хлопцаў рабіць радыёматэрыялы, яны мантавалі і г.д. Пасля мы пайшлі далей, гэта зацягнулася, я туды езджу ўжо трэці год, робім казкі, матэрыялы розныя, вучу іх таму, што ўмею.

РР: Вы ведалі, што атрымаеце гэтую ўзнагароду?

- Не, не ведала – гэта было нечаканасцю, я нават не ведала пра тое, што такія ўзнагароды ўвогуле існуюць. Мяне толькі папярэдзілі пра тое, што я магу атрымаць запрашэнне на такое мерапрыемства. Атрымала, прыехала, дзе аказалася, што мяне ўзнагародзілі.

РР: Хто яшчэ быў узнагароджаны, калі не лічыць супрацоўнікаў турмы?

- Камендант пажарнай службы Падляшскага ваяводства і камендант памежнай службы з Варміньска-Мазурскага ваяводства. З цывільных асобаў толькі я атрымала такую ўзнагароду.

Як адзначыла Наталля Герасімюк, супрацоўніцтва са следчым арыштам у Гайнаўцы працягнецца. Наперадзе запіс казак у выкананні вязняў па-беларуску ды іншыя праекты.

Паводле Валянціны Лаеўскай, Беларускае Радыё Рацыя

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" ад усяго сэрца віншуе спадарыню Наталлю і зычыць далейшых поспехаў!