Сябра Прэзідыуму Рады БНР, кіраўнік Таварыства беларускай культуры ў Вільні — легендарны Хведар Нюнька — ў межах праекта «Жыццё (не)звычайнага беларуса» паставіў дыягназ беларускай апазіцыі, распавёў, чаму стаў неўязным на радзіму, і ці хапае яму пенсіі на годнае жыццё.
Сябра Прэзідыуму Рады БНР, кіраўнік Таварыства беларускай культуры ў Вільні — легендарны Хведар Нюнька — ў межах праекта «Жыццё (не)звычайнага беларуса» паставіў дыягназ беларускай апазіцыі, распавёў, чаму стаў неўязным на радзіму, і ці хапае яму пенсіі на годнае жыццё.
Цяжка паверыць, што гэтаму моцнаму, рухаваму чалавеку з неверагодна жывымі вачыма ў гэтым годзе споўніцца 85. Хведар Нюнька з 1943 года жыве ў Вільні, але застаўся беларусам. Дзякуючы ягоным намаганням у старадаўняй сталіцы Вялікага Княства Літоўскага ўсталяваны помнікі на магілах беларускіх дзеячоў, адкрыты мемарыяльныя дошкі Францыску Скарыну, Кастусю Каліноўскаму, Янку Купалу і іншым славутым суайчыннікам. Напрыканцы мінулага года Хведару Нюньку адмовілі ў выдачы ўязной візы ў Беларусь.
— Некалькі дзён таму я бачыўся з паслом Беларусі ў Літве Дражыным, але мы з ім не размаўлялі. Гэта адбылося на адкрыцці мемарыяльнай дошкі Янку Купалу, — распавядае суразмоўца. — Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» звярнулася ў Міністэрства замежных спраў, каб яны патлумачылі, чаму мне адмовілі ў візе. Я думаю, што адказу не будзе.
Сам Нюнька мяркуе, што яго зрабілі неўязным на радзіму за тое, што ён адкрыта выступае супраць рэжыму і стаіць на пазіцыях радыкальных перамен, якія павінны адбыцца ў Беларусі, каб яна стала еўрапейскай краінай, а не ізгоем перад усім светам, як гэта ёсць сёння.
— Па праўдзе, я не надта і хачу мець магчымасць ездзіць і глядзець тое, што цяпер дзеецца ў Беларусі, — гаворыць Хведар Якубавіч. — Але гэта ненармальна, улічваючы, што 24 гады я працую толькі для Беларусі, для аднаўлення спадчыны беларускай у Вільні. Але я не перажываю. Веру ў лепшую будучыню, хаце, канечне, становішча на Беларусі як ніколі небяспечнае. Няма ўпэўненасці ў тым, што можна захаваць незалежнасць, свабоду пры тых адносінах, якія існуюць паміж Лукашэнка і Пуціным. Я маю на ўвазе рэжым у Расіі, які па сутнасці ў нейкай ступені капіруе тое, што адбываецца на Беларусі.
На жаль, рэжым у нашай краіне залежыць ад Расіі. Беларусы настолькі пасіўна сябе паводзяць, настолькі яны запалоханыя… Пазняк правільна сказаў: «Што можа быць горш рабства? Толькі вайна. Але нават вайна ёсць лепшы варыянт, чым рабства». Колькі беларусаў пацярпелі за свае погляды, трапілі ў турмы, знаходзяцца пад наглядам міліцыі і КДБ. На акцыі ў іх падтрымку прыходзяць адзінкі. І гэта ў двухмільённым Мінску, дзе павінны выходзіць дзесяткі тысяч! Гонару нам гэта не робіць. Атрымліваецца, што як народ, як нацыя мы знаходзімся на стадыі станаўлення.
Сёння мы маем апазіцыю, якая не знаходзіць агульнай мовы паміж сабою. Калі літоўцы змагаліся за незалежнасць, яны былі як адзіны кулак — зладжаныя, салідарныя. Можна дапусціць спрэчкі і сур’ёзнае непаразуменне, але гэта ўжо калі ёсць надзейная незалежнасць. У Беларусі другая сітуацыя. Мы яшчэ нічога не дамагліся, але не маем ні салідарнасці, ні адзінай пазіцыі. Падчас выбараў мы бачым, што ёсць хвароба лідэрства, ці так званага «вождизма». Кожны хоча быць прэзідэнтам. З гэтага атрымоўваецца пшык, і мы падыгрываем рэжыму і яго антыбеларускай палітыцы. Мне нават незразумела, як могуць столькі людзей прэтэндаваць на прэзідэнцства. Калі будзе нармальная дзяржава, хопіць пасадаў для ўсіх дзеячоў. Палітыкі павінны кіравацца не сваімі асабістымі інтарэсамі, а інтарэсамі сваёй краіны.
— Як вы лічыце, што можа аб’яднаць беларускую апазіцыю?
— Наша разрозненасць можа прывесці да таго, што мы згубім Беларусь, і адрадзіць яе нам больш не ўдасца. На маю думку, палітыкі мусяць працаваць з людзьмі, павышаць іх нацыянальную свядомасць, змагацца за мову. Мова ёсць тое, што нас павінна аб’ядноўваць, адрозніваць ад другіх народаў. Калі сёння беларус не карыстаецца сваёй мовай, невядома, хто ён ёсць.
— Як вы патлумачыце тое, што шмат беларусаў, якія зарабляюць такiя невялiкiя грошы, вераць Лукашэнку?
— Гэта фенамен адсутнасці ў людзей цікавасці да палітыкі і дэманстрацыя нізкага ўзроўня палітычнай адукацыі. Яны лічаць, што гэта брудная справа, што з палітыкі хлеб есці не будзеш.
У адрозненне ад беларусаў, літоўцы, у тым ліку і з сельскай мясцовасці, нават у савецкі час цікавіліся справамі не толькі ў сваёй дзяржаве, але і ў суседзяў. Іх кругагляд значна шырэйшы. Яны ставяцца крытычна да сваіх. А ў беларусаў хвароба аднабаковай інфармацыі, якая выкліканая спажываннем прадукцыі дзяржаўных медыяў.
— Спадар Хведар, вашыя ўнукі гавораць па-беларуску?
— Я, канечне, з імі толькі па-беларуску размаўляю. Мы жывем асобна. У сына жонка руская, а ў дачкі муж англічанін…
Вось у віленскай беларускай гімназіі навучаецца каля паўтары сотні вучняў. Гэта вельмі мала. Бацькі вучняў разважаюць: калі не патрэбная беларуская мова ў Беларусі, то навошта вывучаць яе ў Літве?
Я лічу, павінен быць стымул для вывучэння беларускай мовы. Не прынукай, не муштрай вайсковай. Скажам, даплочваць настаўнікам, якія выкладаюць на мове.
Амаль у адзін час у Літве і Беларусі прынялі законы, якія надавалі літоўскай і беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай. У Беларусі было дзесяць гадоў на беларусізацыю, у літоўцаў на гэтую праграму адводзілася пяць. Вынік мы бачым. Без ведання сваёй мовы ў Літве ты не можаш атрымаць ніякай пасады. Гэта закон для ўсіх цывілізаваных краін. Сёння ў Беларусі ты будзеш ісці па вуліцы і гаварыць па-беларуску, і міліцыя можа пацікавіцца, хто ты такі, можа, «пятая калона». У Беларусі нават за савецкім часам было больш беларускасці, чым мы маем сёння.
— У гэтым годзе вам спаўняецца 85. Вы задаволеныя сваім жыццём?
— Думаю, што такіх людзей няшмат, каб прайсці сваё жыццё і па новай паўтарыць. Я б нічога не змяніў. Гэта і ёсць шчасце.
Мая жонка, якой няма ўжо 12 гадоў, казала, што старасць не можа быць шчаслівай. Яна можа быць спакойнай альбо няшчаснай. Атрымалася ў мяне старасць не толькі спакойная, але і шчаслівая.
Я ўсяго дабіўся ў жыцці сваёй працай. За 85 гадоў я ніколі ні з кім не судзіўся. У мяне захоўваліся добрыя адносіны з суседзямі. Гэта таксама вялікая справа, бо ўсякія бываюць скандалісты. Параіць камусьці, як стаць шчаслівым, немагчыма. Адзін думае, як кар’еру зрабіць, другі, як дом пабудаваць. А што значыць шчаслівы чалавек? Калі ён сябе адчувае добра. А ён тады нікому не зайздросціць, нікому не жадае зла, задаволены сабой і людзьмі. Ён добры чалавек.
Я не адчуваю, што мне 85 гадоў. Я магу прайсці дзесяць кіламетраў пехатою, прысесці на пяць хвілін, і зноў прайсці столькі ж. Не ведаю, каму за гэта быць удзячным, але гэта і ёсць шчасце.
— Часам тое, чаго хочаш усім сэрцам, не даецца табе. Ці трэба цаніць тое, што ёсць, і не імкнуцца да высокіх зор?
— Зыходзіць трэба з рэальнасці і разумець, што калі ты гэтага не можаш, — не ставіць такой мэты перад сабой.
Я дабіваўся свайго. Калі ў мяне з’явілася сям’я, маёй мэтай было зарабіць на свой дом. Я быў савецкім інжынерам. Гэта значыла, што ў мяне абмежаваныя грошы і магчымасці. Тым не менш, я пабудаваў свой дом у Вільні. Дом ёсць, а я малады, і хочацца апрануцца прыгожа і паехаць кудысьці, і для жонкі штосьці зрабіць. А дом свой — гэта як ашчадная каса. Туды можаш класці без канца. Таму я вырашыў, што дом я прадам, і мы з жонкай адзенемся і паездзем па курортах. Так і зрабіў.
Хаця людзі казалі, што дом ніхто не прадае. Пыталіся, дзе ты будзеш жыць. Але потым усё атрымалася, і кватэра знайшлася з часам. Я не баяўся мяняць нешта ў жыцці. Не магу сказаць, што ўсё лёгка атрымлівалася.
Вось памятаю, маёй студэнцкай марай была машына. І дзеля гэтага я здаў на правы, уладкаваўся на працу на канікулы, потым працаваў шафёрам у прафесара акадэміі, дзе вучыўся. Давялося і пазычыць. І як толькі скончыў адукацыю, купіў новую «Пабеду». Ты сядзіш у гэтай машыне, а яна яшчэ фарбай завадской пахне. Гэта таксама шчасце. У той час міністры ездзілі на «Пабедах». Гэта быў 1954 год. У людзей, якія працавалі у гандлі, напрыклад, мелі грошы, але не маглі набыць машыну, бо партыя пацікавілася б, адкуль у іх грошы. Да мяне нельга было прыдрацца. Па-першае, я быў беспартыйны, па-другое — савецкі інжынер. У мяне ніякіх калымаў няма.
— Не пабілі вам зайздроснікі «Пабеду»?
— Я сам яе пабіў. Бо часам ездзіў п’яны. А бывала і так, што нап’ешся і не помніш, як прыязджаеш.
— І як жонка на гэта глядзела?
— Ажаніўся я пазней. Перад дзяўчатамі я не казаў, што гэта мая машына, бо ведаў, што клюнуць не на мяне, а на аўтамабіль. Я гаварыў, што шафёрам працую. А будучай жонцы сказаў праўду. Я вельмі любіў сваю жонку. Мне пашанцавала сустрэць такога чалавека.
— Вы так і не ўступілі ў партыю?
— Не. Я і ў камсамол не ўступаў. Праўда, піянерам я стаў першым ва ўсім горадзе. Адбылося гэта пасля таго, як у 1939 годзе ў Шчучыне мы з бацькам з кветкамі сустрэлі чырвонаармейцаў. Напярэдадні бацька, які меў сваю краму, дамовіўся з іншымі гандлярамі, пераважна жыдамі, што разам будуць сустракаць вызваліцеляў. Але жыды не з’явіліся: яны былі разумнейшыя і больш асцярожныя. Бацька абняўся з камісарам, і яго прызначылі старэйшым у мясцовай уладзе. Нават гандляваць дазволілі. А я стаў піянерам. На свяце кастрычніцкай рэвалюцыі я ад імя піянераў выступаў. Мясцовыя палякі хацелі мяне павесіць на чырвоным гальштуку…
Потым бацьку пачалі рыхтаваць, каб вывезці, бо ён быў купец, а значыць, вораг народа. З кватэры нас выкінулі. А я яшчэ выразаў для школы пяціканцовыя зоркі, бо не разумеў, што гэта не наш строй, і тыя, каго мы сустракалі як вызваліцеляў, не зусім свае. Да вайны меў савецкую свядомасць, а пасля вайны зразумеў, што такое ёсць савецкі строй.
— Вам даводзілася расчароўвацца ў сваіх ідэалах?
— Не. Толькі ў людзях. Калі чалавеку рабіў дабро, а ён табе адплочваў злом.
— Спадар Хведар, мяркую, нашым чытачам цікава будзе даведацца, як жывецца літоўскаму пенсіянеру. Скажыце, вы задаволены тым, як клапоціцца аб вас дзяржава?
— Я атрымліваю пенсію такую, якая была у апошнія гады у савецкіх рублях. Тады праезд каштаваў чатыры капейкі, а цяпер каштуе два літы. Мяса каштавала два рублі, а цяпер мо дзесяць літаў. Але я цаню больш за ўсё свабоду. Эканамічна сёння цяжэй. Большасць хоча, каб было больш эканамічнай стабільнасці, чым свабоды.
Дзецi дапамагаюць, калі мне чаго не хапае. Яны мне дораць усё дарагое, напрыклад, тэлевізар. А жыву я вельмі сціпла. Як правіла, купляю ўсе, што таннейшае. Хоць магу сабе пазволіць і даражэй.
— Ці ёсць каму вас замяніць на пасадзе кіраўніка Таварыства беларускай культуры?
— Наша рада складаецца з дзевяці чалавек. Кожны месяц наша Таварыства ўзначальвае адзін з іх. Глядзім, што з каго будзе.
—Пра што ў жыцці вы шкадуеце?
— Шкадую пра тое, што нягледзячы на нашыя намаганні, не бачу Беларусь цывілізаванай дзяржавай. Беларусь, якая увайшла як заснавальнік у ААН і мела больш шанцаў пра сябе заявіць. Яна нічога не выкарыстала, і сёння як ізгой у вачах усяго свету. На жаль, існуючая сістэма не выхоўвае патрыётаў Беларусі, якія гатовыя за яе змагацца. Сёння беларусы не ведаюць мовы, не трэба ім незалежнасць і дэмакратыя.
Таццяна Гусева, gazetaby.com