Памяць Булак-Балаховіча ўшанавалі ў Варшаве

Моладзь у Польшчы і Беларусі адзначыла дзень нараджэння Станіслава Булак-Балаховіча.

У Варшаве беларускія студэнты павіншавалі з гэтым днём унука генерала, таксама Станіслава, – ён жыве ў Варшаве, і распаўсюдзілі адмыслова створаны з нагоды гэтай даты святочны плакат.

Паводле кіраўніка Беларускай Нацыянальнай Памяці Анатоля Міхнаўца, беларусы ўшаноўваюць памяць генерала акрамя яго магілы - ля мемарыяльнай шыльды, што ўсталяваная непадалёк месца, дзе ён быў забіты, а таксама на месцы барыкадаў, дзе балахоўцы абаранялі Варшаву ад фашыстаў у 1939 годзе.

Анатоль Міхнавец:

- Наведалі гэтую магілу, запалілі там знічы, узгадалі генерала і прагучалі словы малітвы за ўпакой яго душы і каб усе тыя беларускія справы, якія былі зроблены генералам, мелі працяг, і Беларусь нарэшце стала той незалежнай краінай пад бел-чырвона-белым сцягам, пад якім таксама змагаліся войскі Станіслава Булак-Балаховіча ў 20-ыя гады. Гэта фактычна такое адзінае месца, не магіла, у Варшаве, звязаная наўпрост з Беларуссю. І мы робім, напрыклад, туды шэсце на Дзень беларускай вайсковай славы. Зразумела, што беларуская вайсковая слава звязаная са Станіславам Булак-Балаховічам.

Адначасова з акцыямі ў Варшаве святкаванні адбываюцца таксама ва Украіне і на Берасцейшчыне, дзе пахаваныя жаўнеры войска Балаховіча. Сёння ў Берасці маладыя людзі ўсклалі кветкі і запалілі свечкі на магілах балахоўцаў.

Вадзім Батура, Беларускае Радыё Рацыя