“Лемантар” – падручнік беларускай мовы ад Аліны Ваўранюк

Новы падручнік беларускай мовы для 2-га класу пачатковай школы ў хуткім часе можа трапіць у школы Падляшша. Аўтарка падручніка – настаўніца пачатковай школы №4 у Беластоку Аліна Ваўранюк - заўважае, што ў школах адчуваецца катастрафічны недахоп падручнікаў па беларускай мове.

Новы падручнік беларускай мовы для 2-га класу пачатковай школы ў хуткім часе можа трапіць у школы Падляшша. Аўтарка падручніка – настаўніца пачатковай школы №4 у Беластоку Аліна Ваўранюк - заўважае, што ў школах адчуваецца катастрафічны недахоп падручнікаў па беларускай мове. Таму навіна пра тое, што Міністэрства адукацыі Польшчы ўхваліла “Лемантар”, вельмі ўзрадавала.

Як кажа настаўніца, для таго, каб распачаць працу над стварэннем падручніка, трэба мець адвагу:

- Шчыра сказаўшы, напэўна, ніхто іншы не хацеў за гэта брацца (смяецца)... Я вельмі шмат гадоў збірала матэрыялы. Для таго, каб напісаць падручнік, то фактычна патрэбны досвед. Па-першае, трэба працаваць у школе ўсё ж такі, і быць гэтым практыкам. А па-другое, папрацаваць ужо столькі гадоў, каб мець адвагу, перадусім адвагу гэтым заняцца. Так мне здаецца.

Аліна Ваўранюк выказвае падзяку мастаку-ілюстратару “Лемантара” Міраславу Здрайкоўскаму і тэхнічнаму рэдактару Адаму Паўлоўскаму, а таксама ўсім, хто спрычыніўся да стварэння падручніка. Настаўніца прызнаецца, што ўжо пачала працу над падручнікам беларускай мовы для 3-га класа.

Унёсак у Міністэрства адукацыі Польшчы падало аб’яднанне бацькоў у карысць дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову АБ-БА.

Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара