Так называўся вечар памяці, прысвечаны народнаму артысту Беларусі Уладзіміру Мулявіну. Галоўнымі яго арганізатарамі выступілі старшыня камітэта грамадскай арганізацыі ветэранаў Санкт-Пецярбурга па міжнародным супрацоўніцтве Аляксандр Станкевіч і артысты групы «Рэтра-Хіт».
Так называўся вечар памяці, прысвечаны народнаму артысту Беларусі Уладзіміру Мулявіну. Галоўнымі яго арганізатарамі выступілі старшыня камітэта грамадскай арганізацыі ветэранаў Санкт-Пецярбурга па міжнародным супрацоўніцтве Аляксандр Станкевіч і артысты групы «Рэтра-Хіт».
Мерапрыемства праходзіла ў культурным цэнтры «Траецкі», што ў Неўскім раёне Санкт-Пецярбурга. Свабодных месцаў у канцэртнай зале не было.
Першай прагучала песня «Мой адрас Савецкі Саюз» у выкананні гурта "Рэтра-Хіт». Артысты хацелі падкрэсліць, што творчасць Уладзіміра Мулявіна не абмяжоўвалася толькі Беларуссю. Дарэчы, аб гэтым сказаў у сваім выступе мастацкі кіраўнік калектыву Віктар Каваленка. Ён распавёў пра жыццёвы шлях песняра, імя якога зрабілася адной з візітных картак яго другой Радзімы - Беларусі. Творчасць "Песняроў" атрымала шырокую вядомасць не толькі ў Савецкім Саюзе, але і за яго межамі.
Гледачоў, што сабраліся ў канцэртнай зале, віталі першы сакратар аддзялення пасольства Рэспублікі Беларусь у Санкт-Пецярбургу Святлана Бейнаровіч, прадстаўнік грамадскай арганізацыі «Расійска-беларускае братэрства» Віктар Аляксееў і старшыня беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Санкт-Пецярбурга Мікалай Русакевіч.
Падчас выступу група «Рэтра-Хіт» выконвала песні з рэпертуару ансамбля "Песняры" і творы расійскіх і беларускіх аўтараў. Канцэрт суправаджаўся відэашэрагам здымкаў пра Мулявіна і яго калегаў па творчым цэху. Таксама быў прадэманстраваны відэафільм пра песняра.
У сваіх выступах беларускі партызан Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Купрыяшчанка, старшыня ветэранскай арганізацыі Неўскага раёна Санкт-Пецярбурга Міхаіл Шаўчук, ураджэнец Беларусі генерал-лейтэнант у адстаўцы Канстанцін Пляшкоў выказалі падзяку арганізатарам вечара. Член Саюза пісьменнікаў Расіі Герой Сацыялістычнай Працы Таццяна Захарава асабліва адзначыла: «Сённяшнія песні - гэта даніна памяці не толькі Уладзіміру Мулявіну, але і гераічнаму беларускаму народу. Я вельмі рада, што мне пашчасціла пабываць на такім выдатным свяце".
Васіль Шалак
На фота аўтара - група «Рэтра-Хіт» (Кіраўнік групы Віктар Каваленка з "мулявінскімі" вусамі).