У Піцеры правялі канцэрт Вайцюшкевіча і адзначылі 150-годдзе паўстання Каліноўскага

Канцэрт прайшоў 1 лютага ў арт-клубе «Кипяток». Паслухаць Змітра Вайцюшкевіча прыйшло больш за 50 чалавек, большасць з якіх - беларусы.

Арганізаваў канцэрт клуб «Беларусы Пецярбурга». Гэта ўжо другі выступ Змітра ў Паўночнай сталіцы, арганізаваны клубам. Папярэдні адбыўся роўна год таму. У першай частцы канцэрта музыка выканаў песні на вершы Уладзіміра Маякоўскага. На карэнных пецябруржцаў гэта зрабіла незабыўнае ўражанне. «Гэта сапраўднае культурная падзея. Пра гэта трэба казаць і пісаць, - перакананы музычны крытык Валер. - Безумоўна, мы былі знаёмыя з творчасцю пралетарскага паэта. Але Зміцер паказаў нам новага Маякоўскага, якога мы не ведалі. Нямнога музыкаў могуць працаваць з яго вершамі. Але Вайцюшкевіч зрабіў гэта на асабліва высокім узроўні. З гэтага неабходна рабіць асобную праграму для расейцаў». У перапынку ўдзельнікаў мерапрыемства чакаў сюрпрыз. Актывістка клуба «Беларусы Пецярбурга», журналістка Святлана Гаўрыліна зрабіла кароткі даклад аб паўстанні 1863 года пад правадырствам Кастуся Каліноўскага. Яна паведаміла, што ў гэтым годзе споўнілася 150 гадоў з моманту пачатку паўстання, якое было жорстка задушана расійскімі ўладамі. Яна адзначыла, што Санкт-Пецярбург - гэта не толькі сталіца трох рэвалюцый. Менавіта тут, у пецярбургскіх універсітэтах, вучыліся і фармаваліся лідары многіх нацыянальна-вызваленчых рухаў былой Расійскай імперыі. І Кастусь Каліноўскі - адзін з іх. У перыяд з 1856-1860 гг. ён вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэта. У студэнцкія гады разам са сваім старэйшым братам Віктарам Каліноўскім ён актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці студэнцкіх зямляцтваў і ў рэвалюцыйных гуртках, дзе зблізіўся са сваімі будучымі паплечнікамі. Адзін з іх - Зыгмунд Серакоўскі - служыў у Санкт-Пецярбургу ў дэпартаменце Генеральнага штаба ваеннага міністэрства. У другой частцы канцэрта Зміцер Вайцюшкевіч выканаў песні на вершы Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Някляева, Рыгора Барадуліна і іншых паэтаў. Госці вечарыны хорам падпявалі любімыя песні: «Я галодны воўк», «Сцяг», «Паланэз» і інш. «Жыве Беларусь!» - скандавалі беларусы, размахваючы нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі. «Вельмі ўдала, што праграма пачалася менавіта з вершаў Маякоўскага, - кажа пецябруржац Марк. - Мы ўслухаліся ў тэксты і адкрыліся для таго, каб успрымаць беларускую праграму. І тое, што рабіў Зміцер, тое, што ён казаў і спяваў, паказала нам іншую Беларусь. Мы зразумелі, што гэта далёка не райскі куток стабільнасці».

Глядзець фотасправаздачу.

belspb.info