Дыскі з дзіцячымі песнямі ў дапамогу настаўнікам і вучням першага і другога класаў выдасць сёлета Аб’яднанне ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову "АББА" з Беластоку.
Аб’яднанне ўжо некалькі гадоў займаецца стварэннем дапаможных матэрыялаў для настаўнікаў беларускай мовы на Беласточчыне, кажа намесніца старшыні арганізацыі, настаўніца беларускай мовы ў пачатковай школе №4 ў Беластоку Аліна Ваўранюк.
- Былі ўжо настольныя гульні, быў алфавіт, падручнікі, сцэнарыі заняткаў на ўрокі беларускай мовы для першага класа. Мы падумалі, адзінае, чаго не хапае ў школах, дзе вывучаецца беларуская мова, гэта дыскі з песнямі. Але дыскі з песнямі канкрэтнымі – для першага класа, для другога і для трэцяга.
На дысках, акрамя песняў у выкананні дзіцячага гурта “Баламуткі”, які дзейнічае пры аб’яднанні "АББА", таксама з’явяцца фанаграмы, якія можна будзе выкарыстоўваць у часе заняткаў па беларускай мове.
Запіс і выданне дыскаў сталі магчымымі дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства адміністрацыі і лічбавізацыі Польшчы ды Маршалкоўскай управы Падляшша.