У Іркуцку не дазволілі праводзіць прызначаны на 26 студзеня круглы стол «Паўстанне 1863 года: факты і каментары» ў памяшканні Грамадскай палаты вобласці. Арганізатарам круглага стала выступае рэгіянальная грамадская арганізацыя "Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага". У сувязі з гэтым арганізатары ў спешным парадку вымушаныя былі перанесці мерапрыемства ў іншае месца.
«Нам забаранілі праводзіць дадзенае мерапрыемства ў Грамадскай палаце! Таму адрас мяняецца», - напісаў у групе «Беларусы Прыбайкалля» кіраўнік грамадскай арганізацыі Алег Рудакоў. У прэс-рэлізе "Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага» паведамляецца, што ў студзени 2013 года спаўняецца 150 гадоў з моманту пачатку Паўстання 1863 года. Пасля паўстання ў Іркуцк быў сасланы беларус Ян Чэрскі, які пасля стаў вядомым геолагам і географам, які напісаў больш за 90 навуковых прац, прысвечаных Байкалу і навакольным тэрыторыям. "Гэтае Паўстанне стэрэатыпна часам называюць "польскім". І, натуральна, усіх удзельнікаў - палякамі», - гаворыцца ў прэс-рэлізе. «Але насамрэч галоўны агмень супраціву царскім войскам адбываўся якраз у Беларусі, дзе вядомы рэвалюцыянер Кастусь Каліноўскі нават пачаў выданне першай беларускамоўнай газеты «Мужыцкая праўда». Удзельнікі круглага стала плануюць пагаварыць пра гэтыя і пра іншыя «белыя плямы» Паўстання 1863. Уваход на мерапрыемства вольны.