Швецыя дэпартуе Вольгу Класкоўскую

Улады Швецыі адмовілі беларускай журналістцы Вользе Класкоўскай у відзе на жыхарства. Класкоўскую вырашылі дэпартаваць.

Яна павінна пакінуць тэрыторыю Швецыі разам з 11-гадовай дачкой.

«Сітуацыя ўскладняецца тым, што шасцімесячны сын Вольгі — грамадзянін Швецыі — павінен застацца ў Стакгольме», — паведаміла прадстаўніца Беларускага дому ў Празе Наталля Маковік. Класкоўская не мае права на палітычны прытулак: раней яна ўжо атрымлівала статус палітуцекача. Аднак у 2011 годзе, калі судзілі яе брата Аляксандра — былога міліцыянта, фігуранта крымінальнай справы пра падзеі на Плошчы 19 снежня 2010 — Класкоўская адмовілася ад міжнароднай абароны і вярнулася ў Менск падтрымаць Аляксандра і яго сям’ю. 5 траўня 2011 году Вольгу затрымалі ў яе кватэры, даставілі ў міліцыю Ленінскага раёну Менску, дзе збілі. Праз некаторы час Класкоўская вярнулася ў Еўропу. Там яна пазнаёмілася са шведам — сваім будучым мужам — і нарадзіла сына Адама. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Вольга Класкоўская напісала: «І ўсё ж жыццё поўнае нечаканасцяў! Як такое ў прынцыпе можа быць — у нармальнага, разважнага чалавека ў галаве ніяк не ўкладзецца. Мой муж грамадзянін Швецыі, нованароджаны сын — грамадзянін Швецыі, а мяне Міграцыйная ўправа дэпартуе з краіны. Вельмі добры дзядзька Матс Холмберг сказаў, што дзіця я магу пакінуць у мужа або ў сацыяльнай службе, а сама — пайшла прэч! Не паеду добраахвотна — дэпартуюць разам з паліцыяй».