У Варшаве на 86-м годзе жыцця памерла беларуская пісьменніца і грамадская актывістка Алена Анішэўская. Яна была аўтарам зборніка апавяданняў і вершаў “Смак жыцця”, а таксама зборніка “Шчадруха”.
Алена Анішэўская была шчыльна звязана з беларускім асяроддзем Падляшша, хаця большасць свайго жыцця пражыла ў Варшаве. Заўсёды тужыла па Белавежы, дзе яна нарадзілася і пражыла свае маладыя гады.
Якраз год таму спадарыня Алена Анішэўская была героем перадачы "Радыё Рацыя" “З Падляшша родам”:
- Я нарадзілася ў маі месяцы, можа гэта таксама мае нейкае значэнне, хто калі родзіцца, такі можа характар мае, у 1927 годзе. Я была старэйшай у сям’і, нас было чацьвёра. Жылі мы на першых Падалянах у Белавежы гады чатыры-пяць, пакуль бацькі не збудавалі свайго дома на так званых другіх Падалянах. Там дагэтуль яшчэ недзе “тырчыць” нашае карэнне ў гэтай сядзібе.
Пахаванне Алены Анішэўскай адбудзецца 22 студзеня на праваслаўных могілках варшаўскай “Волі”. Паніхіда ў царкве Святога Яна а 9.00 гадзіне, пахаванне а 10.00.
Светлая памяць!