У Празе адчыняецца выстава, прысвечаная БНР

17 студзеня ў Празе, у памяшканні Нацыянальнай бібліятэкі адбылося адкрыццё выставы «Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка».

Яна арганізаваная Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам у Вільні сумесна з Цэнтральным дзяржаўным Нацыянальным архівам Літвы — пры ўдзеле амбасады Літвы ў Празе і Амбасады Чэшскай Рэспублікі ў Вільні.

«Сама ідэя такой выставы ўзнікла ў межах Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, — распавядае выкладчык ЕГУ Юрась Бачышча. — Прарэктар ЕГУ Аляксандр Каўбаска дамовіўся з дырэктарам інстытута гісторыі Літвы Рымантасам Мікнісам, які перамовіў з дырэктарам літоўскіх архіваў, і высветлілася, што ёсць некаторыя дакументы, якія яшчэ ў неапрацаваным выглядзе знаходзяцца ў архівах. І тады ўзнікла ідэя спачатку апрацаваць гэтыя дакументы, зрабіць іх прыдатнымі для карыстання беларускімі навукоўцамі. А ў выніку гэтай працы ўзнікла ідэя папулярызаваць іх, выставіць некаторыя важныя знаходкі з гэтага літоўскага архіву.»

​​Свабода: Спадар Юрась, што на гэтай выставе, на Ваш погляд, можа быць найбольш цікавым?

Бачышча: Сярод цікавых матэрыялаў — асабістыя дакументы братоў Луцкевічаў, лісты, звязаныя з жыццём Адольфа Клімовіча, з жыццём Барыса Кіта і некаторых іншых беларускіх дзеячаў. Таксама дакументы, звязаныя з рознымі беларускімі арганізацыямі Вільні, Віленшчыны 1920-30 гадоў. Таксама ёсць дакументы, якія датычаць беларускіх студэнцкіх арганізацый — у тым ліку і тых, якія існавалі тут, у Празе. Магчыма, гэта нейкая частка архіву Адольфа Клімовіча.

Выстава «Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка» адчыняецца ў Славянскім аддзеле Нацыянальнай бібліятэкі.