Традыцыйныя Каляды ў Іркуцку прайшлі ў Абласной філармоніі + фота

16,5 гадоў існуе Рэгіянальная грамадская арганізацыя "Іркуцкае таварыства Беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага" (ІТБК), і за ўвесь гэты час традыцыя збірацца на Каляды не перарывалася ні разу!

Каляды-2013

Памятаецца ўжо далёкі 1997 год, калі ўпершыню на Каляды мы сабраліся ў актавай зале школы № 31 мікрараёна Зялёны і сваімі, тады яшчэ сціплымі сіламі правялі гэтае свята. Але вось што дзіўна: з першага разу стыль правядзення Калядаў не змяніўся ні разу. Ды і як яму змяніцца: гэта ж Абрад! А ён павінен праходзіць традыцыйна!

Схема нашых Калядаў была заўсёды адна і тая ж. Спачатку Канцэрт нашых творчых калектываў і індывідуальных талентаў (але ўсё па-беларуску!), затым калядны блок з гумарам і традыцыйнымі песнямі, а потым танцы і бяседа (з тостамі і добрымі, зноў жа, традыцыйна беларускімі закускамі).

Ну, вось ужо пачынаючы з 2007 года, з'явілася яшчэ адна выдатная традыцыя.

Да нас на Каляды пачалі прыязджаць з канцэртнай праграмай знакамітыя артысты з Беларусі.

У 2007 годзе - лідар рок-гурта "Новае неба" Кася Камоцкая.

У 2008 годзе - бард і артыст тэатра і кіно Віктар Шалкевіч.

У 2009 годзе - кампазітар і музыка, лідар гурта сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса" - Зміцер Сасноўскі.

У 2010 годзе - бард, паэт, кампазітар Алесь Камоцкі.

У 2011 годзе - бард, кампазітар, паэтка Таццяна Беланогая.

У 2012 годзе - этна-рок-музыка, кампазітар Зміцер Вайцюшкевіч.

І вось у гэтым годзе, у 2013-м, нас наведаў легенда беларускага рэпу Аляксандр Памідораў!

Вядома ж, казаць, што нам лёгка даецца запрашэнне знакамітых беларускіх артыстаў у Іркуцк на Каляды, было б не дакладна. Арэнда залы, аплата пералёту з Мінска ў Іркуцк і назад, экскурсіі, паездкі на Байкал і г.д. - гэта ўсё патрабуе значных выдаткаў. І кожны раз асабіста я не ўпэўнены, ці змагу знайсці грошы на чарговыя Каляды. Але, азіраючыся назад, ужо пасля правядзення свята, з упэўненасцю можна сказаць: добра, што да нас прыязджаюць такія таленавітыя зоркі беларускай песні.

Бо кожны такі прыезд прыносіць не толькі клопат, але і стварае святочны настрой на некалькі дзён. Зносіны, абмен думкамі, знаёмства іркуціх беларусаў з артыстамі з метраполіі, магчымасць параўнання і магчымасць для нас, сібіракоў, адзначыць каларыт кожнага госця – гэта дарагога варта!

Як мінімум яшчэ некалькі месяцаў блукаюць сярод прыбайкальскіх беларусаў згадкі: “А памятаеш, як Памідораў заспяваў песню"Дзень без гарэлкi"?”.

Проста выдатна, што на «Калядных Сустрэчах» мы можам убачыць часцінку нашай гістарычнай Радзімы! Пагутарыць "на жывую" з таленавітымі суродзічамі з Бацькаўшчыны!

Хочацца падзякаваць усім артыстам з Беларусі за падтрымку нашага беларускага духа тут у Сібіры! Мы вельмі радыя, што ў гэтыя святочныя дні вы былі з намі! Шкада, што кожная такая сустрэча носіць эксклюзіўны характар, але можа быць якраз таму яна і асабліва каштоўная.

Сёлета Каляды прайшлі, як заўсёды, 7 студзеня. Гэтым разам мы сабраліся ў прасторнай зале Абласной філармоніі. Зала была разлічаная на 350 чалавек. Сабралася гледачоў крыху менш за сотню. На жаль, не ўсе змаглі прыйсці нават з нашых актывістаў. Маразы, запланаваныя даўно паездкі, нечаканыя сваякі і госці здалёк і шмат іншых аб'ектыўных і суб'ектыўных перашкод. Што ж, кожны выбірае свае прыярытэты. Але ўсё ж самыя «верныя» беларускім традыцыям актывісты ІТБК і нашыя госці сабраліся традыцыйна разам у гэты дзень. І ні ад каго я не пачуў, што ён пра гэта пашкадаваў. Свята атрымалася выдатнае!

Спачатку выступілі два нашыя іркуцкія фолькгурты «Ленушка» і «Крывiчы». Кожны з ансамбляў праспяваў па дзве традыцыйныя беларускія песні. Вядома ж, яны маглі праспяваць і больш. Тым больш што нашым гледачам іх выступы заўсёды даспадобы. Фальклорны ансамбль «Ленушка» (паводле назвы паўночнай сібірскай ракі Лены, на берагах якой таксама сяліліся беларусы) і ансамбль аўтэнтычнай песні “Крывiчы” крыху адрозніваюцца сваімі стылямі. У «Ленушкі» песні аўтарскія і народныя, часам у апрацоўцы, часта пад акампанемент, бадзёрыя і меладычныя. У «Крывiчаў» - працяжныя баладныя і абрадавыя, выконваюцца толькі акапэльна, разлічаныя на шматгалоссе, традыцыйна «вясковыя», старадаўнія, але асабліва дарагія “бабуліны” песні, якія гучаць маладымі звонкімі галасамі.

Летась кожны з гэтых ансамбляў, дзякуючы спонсарскай дапамозе Істоміна Г.В., Жука Д.Л. і Навумава В.А., выпусціў свой дыск. Іркуцкім гледачам (зрэшты, ужо і за межамі Іркуцкай вобласці, і нават у Беларусі) яны добра вядомыя, бо выступалі са шматлікімі канцэртамі.

І ўсё ж галоўная інтрыга сёлетніх Калядаў была наперадзе. Нашыя ансамблі саступілі сцэну госцю з Мінска, легендарнаму беларускаму рэперу і панк-рок музыку Аляксандру Памідораву.

Інтрыга была яшчэ і ў тым, што, як мне прызнавалася адна іркуцянка, знаёмая з творчасцю нашага госця, было цікава пачуць песні Аляксандра не ў рокавым выкананні, а пад простую гітару.

Спадар Памідораў скарыў усіх гледачоў цудоўным майстэрствам ігры на дванаццаціструннай гітары. А яго аўтарскія песні гарманічна гучалі і без рок-суправаджэння. Праўда, падвяла апаратура. Аляксандру давялося адысці ад мікрафонаў і адключыць ад узмацняльніка гітару. Але акустыка залы дазволіла стварыць добрае гучанне і без электрычнасці, нават дзесьці гучанне было і лепшым. Утульнейшым. Тым больш, было асабліва відаць і чуваць майстэрства віртуоза.

Аляксандр Памідораў на працягу гадзіны выконваў свае песні па дружныя апладысменты, а ў канцы яго выступу "нечакана" прыйшлі калядоўшчыкі!

І пачалося... Мала таго, што спяваюць вясёлыя калядкi, дык яшчэ і жартуюць. А тут «Каза» з «Ваўком» ў скокі пайшлі! А «Мядзведзь» сёлета асабліва здзівіў, як давай «кола» па сцэне круціць, праз галаву куляцца – няйінакш з цырка збег! Ну а «Каза» не вытрымала, у народ пабегла. Ды ўсё на карысць! Бо «Каза» ў беларускай міфалогіі – сімвал здароўя і ўрадлівасці! А тут яшчэ «Дзед» вазьмі і скажы: «А Каза мая дужа чароўная! Калі паглядзіць каму ў торбачку ці сумачку якую, то будуць там у вас грошы цэлы год вадзіцца! А можа ў каго і даляры з еўра нават! Ну а каго мая Каза бадне рогам альбо пхне нагой, дык той здароўя на цэлы год прыдбае!»

Ну і што вы думаеце? Народ наш традыцыю памятае і выконвае! Як толькі «Каза» са сцэны скокнула, усе да яе і пацягнуліся. Сумачкі паказваюць, спінкі пад «рогi» падстаўляюць. А тыя, хто далёка сядзеў, з месцаў паўставалі, рукі працягваюць, толькі б «Каза» іх зачапіла. А што ж, усім хочацца быць здаровым і багатым ў Новым годзе!

Але вось няўдача –  «Каза наша ўпала, здохла, прапала!» І вось ужо за справу бярэцца прафесійны «Механоша». Уласна прафесіяналізм яго заключаецца ў простым «выбіваннi хабару». Пабалакаў на сцэне наш "Механоша", жартачкі прамовіў і таксама ў народ са словамі: «Нашай Козачцы нямнога трэба, 2 боханы хлеба, сем печ перапеч, а яшчэ аладкі, каб бокі былі гладкі, а яшчэ таго мала, дайце шматок сала, а хто харошы, хай насыпле грошы!».

Ну як тут адмовіш такому «профі»? Гледачы нашыя шчодрыя сабраліся (мне потым калядоўшчыкі прызналіся пад сакрэтам), у мех "Механошы" і цукерак накідалі, і манетак, і нават парачка сотачак-пяцісотачак прамільгнула, і, як заўсёды, нехта паклаў традыцыйна прыгатаванага беларускага сала! Гэта асабіста мяне больш за ўсё парадавала. Жыве традыцыя!

А пакуль па зале "Механоша" ходзіць, астатнія калядоўшчыкі стараюцца, калядныя песенькі спяваюць. Весела! Добра!

Ну вось, здаецца, усіх "Механоша" абышоў. Тут "Дзед" і кажа:

“Не хоча Каза ўставаць – трэба лёкі ёй даць: нацерці бок кійком, падняць батагом. Каза мая вучоная, кіем хрышчоная, прайшла ўсе навукі, ведае розныя штукі. А ну, Каза, уставай, з хаты выхадзі, бяду вынасі. Уцякай хутчэй з гаспадарскіх вачэй! А ў гэтым доме не шкодзіць нікому! От, дзякуй вам, спадарства, за багатыя падарункі.  Ну а зараз трэба нашыя Каляды затанчыць. Каб Шчасця на Новы год усім нам прыдбаць”.

Тут народ на сцэну дружна пайшоў: і стары, і малы! Зноў жа, хто ж шчасця ў Новым годзе не жадае? Калядоўшчыкі спявалі, а астатнія дружна ў карагодзе хадзілі. Праўда, не ўсе змаглі ў гэтым дзеянні паўдзельнічаць. Сцэна, хоць і досыць вялікая, але ўсіх не змясціла. Але "Дзед" супакоіў: "Карагод карысны як для тых, хто танчыў, так і для тых хто назіраў! Так што ўсе шчаслівыя будзем!".

Ну, вось справа і зробленая!

Наперад выйшла «Каляда» і сказала добрыя пажаданні. Яе слухаюць з асаблівым павагай, бо яна дачка «Дажбог-Сонца», і толькі яна можа насіць «Зорку» - сімвал свайго Бацькі.

"Калядоўшчыкі" праспявалі яшчэ адну песню і пад дружныя апладысменты пайшлі далей "па горадзе калядаваць".

Дарэчы, хтосьці сцвярджаў, што калядоўшчыкі – гэта быццам бы былі пераапранутыя і замаскіраваныя ўдзельнікі ансамбля «Крывiчы»?! Не ведаю, не ведаю. Думаю, памыляюцца… Ужо надта ж непадобныя!

А вось Аляксандру Памідораву зноў давялося на сцэну выйсці, каб праспяваць пару песень і атрымаць традыцыйныя падарункі.

Затым свята перамясцілася ў хол. Спачатку ўсе падышлі да сталоў і зладзілі бяседу, з тостамі, віншаваннямі ад актывістаў ІТБК і ад гасцей. Перакусілі, адпачылі. І перайшлі да трэцяй часткі нашых Калядаў, да танцаў!

Без гэтага нашыя Каляды ўжо таксама не абыходзяцца. Многія адмыслова чакаюць гэтага моманту. Прычым "Маразуля", "Польку задам", "Марыненскi кракавяк" і да г.д. танчаць з задавальненнем усе, незалежна ад узросту. Толькі ад імя некаторых бабуль 85-гадовая палачанка Антаніна Васільеўна Тошчава (у дзявоцтве Пракапенка) сказала: «Мы тут ужо пасядзім. Паглядзім».

Толькі пасля 15 танцаў народ, прытаміўшыся, пагадзіўся, што час, напэўна, і дадому збірацца. А што ж наш госць? Аляксандр Памідораў трапіў у чэпкія рукі нашых гаспадынь-беларусак. Асаблівае шэфства ўзяла над ім Тамара Мікалаеўна Дзятлава, якая родам з Ляхавіч і якая традыцыйна прыносіць да стала ёю самой прыгатаваныя найсмачнейшыя беларускія стравы. І як нашы дзяўчаты не спрабавалі адарваць Аляксандра і патанчыць з ім, адказ быў адзін: "Я спяваю, але не танцую. Я тут... пастаю".

Вось так, весела і заўзята, прайшлі нашыя Каляды!

Ад імя Абласной Рады ІТБК ўсім удзельнікам свята велізарны дзякуй за захаванне нашых беларускіх традыцый!

Ну а нашаму госцю з Мінска Аляксандру Памідораву дзякуй ўдвая, нават утрая!

Па-першае, за прыезд на нашыя Каляды і прывітанне з Беларусі. Па-другое, за цудоўны канцэрт. Ну а па-трэцяе, як нехта заўважыў, Аляксандр прывёз да нас пацяпленне. Падчас яго канцэрту было ўсяго -15. Спякота. Бо напярэдадні даходзіла да -40!