Дзіцячая “Ялінка-2013” у Таронта

На стары Новы год Галоўная ўправа Згуртавання беларусаў Канады і царква св. Кірылы Тураўскага зладзілі дзіцячую “Ялінку”, якая штогод адбываецца ў памяшканні беларускага грамадска-рэлігійнага цэнтру ў Таронта.

Праграма “Ялінкі” была насычанай і інтэнсіўнай. Тэатралізаваная інтэрактыўная казка “Рэпка”, пастаноўка песні “Раз марознаю зімой”, карагоды вакол ялінкі, аркестр Дзеда Мароза і сапраўдныя каляднікі з песнямі і гульнямі не далі засумаваць ні бацькам, ні дзеткам. А ахвотнікаў распавесці верш, праспяваць ці станчыць і атрымаць падарунак ад  Дзеда Мароза было столькі, што давялося займаць чаргу!

Дарэчы, сёлета дзяцей чакалі незвычайныя падарункі, якія бацькі самі змайстравалі падчас пасядзелак жаночага клубу, нядаўна ўтворанага на базе ЗБК. Мамы і таты падрыхтавалі столькі ўнікальных і сапраўды па-мастацку зробленых цацак, што ў выніку ўсе дзеці, якія прыйшлі на ялінку, атрымалі непаўторныя ёлачныя упрыгожанні ў выглядзе розных істот, ад кажаноў да хамелеонаў, і да іх паштоўкі-фотаздымкі. А выстава дзіцячай творчасці “Калядны настрой-2013”, якая ладзілася ўпершыню, аздобіла памяшканне беларускага цэнтру малюнкамі і самаробкамі і сапраўды стварыла ўтульна-калядны настрой. У выставе бралі ўдзел нават немаўляткі - дзеткі да году.

Цудоўным завяршэннем свята сталіся салодкія пачастункі і дзіцячая дыскатэка пад музыку з “Дзіцячага альбома”.

Ірына Тоўсцік