«Беларусы Урала» збіраюць грошы на помнік Мулявіну

Помнік Народнаму артысту Беларусі адкрыюць у Екацерынбургу ў 2014 годзе.

«Цяпер стаіць пытанне выбару месца, а потым будзе конкурс і шырокі збор сродкаў. Мы ў дыяспары паціху пачынаем збіраць, але разумеем, што гэта няпростая задача», — заявіў 10 студзеня ў Магілёве намеснік старшыні рады арганізацыі «Беларусы Урала» Павел Саенка.

Паводле яго словаў, ініцыятыва ўсталявання помніка Уладзіміру Мулявіну зыходзіць ад «Беларусаў Урала» і беларускага пасольства ў Расіі, яе падтрымалі гарадскія ўлады. Цяпер у Екацерынбургу на сцяне пяціпавярховага дома, дзе жыў Мулявін, усталяваная мемарыяльная дошка.

Саенка адзначыў, што дакладную суму, неабходную на стварэнне і ўсталяванне помніка, будуць вызначаць яго аўтары. Паводле яго словаў, конкурс на стварэнне помніка, магчыма, будзе абвешчаны па ўсёй Расіі.

Як мяркуе Саенка, помнік ураджэнцу Екацерынбурга Уладзіміру Мулявіну з’явіцца ў горадзе ў 2014 годзе.