Каляды на хутары ля ... Новабярозаўкі

У снежні 2012 года ў Цюменскай вобласці шырока, ярка і запамінальна прайшлі Дні беларускай культуры, прымеркаваныя да 15-годдзя «Нацыянальна-культурнага таварыства «Аўтаномія Беларусь».

За 15 гадоў працы былі ўсталяваныя цёплыя сяброўскія сувязі з беларусамі ў месцах кампактнага пражывання на поўдні вобласці. У асноўным,гэта вёскі, заснаваныя ў 1886-1889 гадах беларускімі перасяленцамі, так званымі «самаходамі». Прайшло больш за сто гадоў, а жыхары, адарваныя ад гістарычнай радзімы, здолелі зберагчы сваю культуру, традыцыі, абрады, песні, касцюмы, мову. І, вядома ж, святы. У першую чаргу - прастольныя, супольныя, якія аб'ядноўваюць, натхняюць і змяняюць людзей. Адным з такіх святаў і ёсць Каляды («Раство»).

Неба i зямля радасна спяваюць,

Ангелы людзям дзiва абвяшчаюць:

Хрыстос нарадзiўся, Бог аб’явiўся!

Ангелы спяваюць, пастушкi iграюць,

Дзiва, дзiва абвяшчаюць.

(Калядка)

І вось мы (Раман Фёдараў - навуковы супрацоўнік Цюменскага аддзялення САРАН і Уладзіслаў Татарынцаў - намеснік старшыні праўлення НКТ “Аўтаномія Беларусь”) на куццю адправіліся ў Арамашэўскі раён у вёску Новабярозаўка. За размовамі незаўважна праляцелі 4 гадзіны дарогі, што яшчэ раз пацвердзіла думку: «Славяне лепш за ўсё сябе адчуваюць у дарозе».

На дварэ мінус 25. «Студзень хаты студзiць - рана гаспадароў будзiць».

Папіўшы з дарогі гарачай гарбаты і пераапрануўшыся ў нацыянальныя строі, усе адправіліся калядаваць. Наперадзе нашай групы з “каляднай зоркай” - сімвалам шчасця і дабрабыту - ішоў Мікалай Васільевіч Сальнікаў, дырэктар клуба вёскі Новабярозаўка. Ён шмат гадоў запар, таксама як калісьці і яго бацька, у дзень слаўлення Хрыстова выносіць "зорку" для аднавяскоўцаў, і дзякуючы яму ў яго роднай вёсцы так, як больш нідзе ў вобласці, захаваўся і праводзіцца гэты абрад.

«Зорку» робяць на драўлянай аснове, абклеенай рознакаляровай паперай. На адным баку яе старажытная выява календара, а на другім - пакланенне пастыраў. Увесь круг аточаны махрамі з жоўтай паперы і абведзены шасцю папяровымі прамянямі. У адтуліну паміж малюнкамі ставяць запаленую свечку, ад святла якой малюнак і прамяні робяцца празрыстымі. Пад спеў святых песень роўна ў пяць вечара дарослыя выходзяць з «зоркай» калядаваць. «Зорку» ўносяць у пакой ці спыняюцца з ёй пад акном чарговага дома і спяваюць:

Нова радость стала,

Як небу хвала.

Над вертепом звезда ясна

Светом звосияла.

Пастушки с ягнятком

Пред малым дитятком

На колени выпадали,

Христа прославляли…

(Калядка)

Потым віншуюць са святам гаспадароў, за што атрымліваюць шчодры пачастунак. Нашае шэсце па дарозе «абрастала» усё новымі і новымі ўдзельнікамі. Гаспадары былі гасціннымі, і мяшок «калядоўшчыкаў» станавіўся ўсё цяжэйшым...

Я адчуў велізарную ўдзячнасць да ўсіх удзельнікаў. Цяжка нават уявіць, як гэтыя людзі змаглі дакладна сыграць мелодыю беларускіх песень, асвоіць шматгалоссе, непаўторную манеру выканання, удалечыні ад радзімы сваіх продкаў. Якая патрэбна была любоў да бацькаўскіх святыняў, каб так беражліва данесці іх да нашых дзён, не разгубіўшы, перадаць сваім дзецям... Хочацца спадзявацца, што ўбачанае дазволіць маладым пакаленням раскрыць свае творчыя здольнасці, і яны гэтак жа, як іх бацькі і дзяды, кожныя Каляды будуць выходзіць на сельскія вуліцы, з песнямі і калядкамі, уважаючы звычаі, услаўляючы Хрыста.

Ветлівыя асобы, прыгожыя касцюмы, разнажанравыя песні і калядкі на беларускай і рускай мовах зрабілі гэтае каляднае свята незабыўным!