Беларускія Каляды адсвяткавалі ў амерыканскім Саўт-Рыверы

Каляды адсвяткавалі ў амерыканскім Саўт-Рыверы, што ў Нью-Джэрсі. Гарадок, дарэчы, пакрысе аднаўляецца ад наступстваў урагана Сэндзі, што пашкодзіў некалькі дзясяткаў дамоў.

Выгляд царквы перад пачаткам урачыстай стужбы. © фота Надзеі Запруднік

Царкву св. Еўфрасінні Полацкай упрыгожылі кветкамі, паставілі ялінку. Напярэдадні свята, пасля вячэрні, у залі Беларуска-амерыканскага грамадскага цэнтра адбылася супольная традыцыйная куцця.

Айцец Міхаіл прачытаў малітву, людзі падсілкаваліся смачнай постнай ежай са шклянкай віна. Царкоўны хор праспяваў калядкі, адну амерыканскую і некалькі беларускіх.

У Дзень Хрыстовага Нараджэння багаслужба прайшла ўрачыста пры напоўненай вернікамі святыні. Дзень быў пагодны, сонечны. Людзі абменьваліся падарункамі, святочнымі і навагоднімі пажаданнямі, весткамі пра жыццё сваякоў у Беларусі.

***

Саўт-Рывер -- горад у цэнтральнай частцы штата Нью-Джэрсі. Беларусы сталі перасяляцца сюды ў канцы ХІХ ст. Збеларусізаваўся Саўт-Рывер у пачатку 1950-х з перасяленнем у яго некалькіх дзясяткаў беларускіх эмігрантаў з лагероў для перамешчаных асоб у Нямеччыне. Беларусы заснавалі прыход св. Ефрасінні Полацкай у юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярхата, збудавалі царкву, Беларуска-амерыканскі грамадскі цэнтр. У Саўт-Рыверы дзейнічалі і дзейнічаюць зараз некалькі грамадскіх і сацыяльных арганізацый. У рысе горада знаходзяцца асобныя беларускія могілкі.

Актыўнае беларускае жыццё працягваецца ў гарадку і па сёння. Так, 25 сакавіка 2012 г. у Саўт-Рыверы адзначылі Дзень Волі ўзняццем нацыянальнага сцяга каля будынка гарадскога музея. У красавіку адзначалі Вялікадзень, у жніўні 2012 г. прайшоў традыцыйны Беларускі фестываль, а ў лістападзе беларусы адсвяткавалі 40-годдзе пабудовы царквы.