Беларускі дом у Празе атрымаў афіцыйную рэгістрацыю ў Міністэрстве ўнутраных спраў Чэхіі. Як паведамляе прэс-служба Беларускага дома, рэгістрацыя дазваляе пачаць перамовы з чэшскімі дзяржаўнымі ўстановамі, гарадской адміністрацыяй, грамадскімі інстытутамі і наладзіць супрацоўніцтва з імі.
Рашэнне аб стварэнні Беларускага дома ў Празе было прынята ў лістападзе 2012 года па выніках першага пасяджэння беларускіх арганізацый, зарэгістраваных у Чэхіі.
Тады ў сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі шасці беларускіх арганізацый:
асацыяцыі «За мадэрнізацыю», руху салідарнасці «Разам», міжнароднага цэнтра грамадскіх ініцыятыў «Наш дом», аб’яднання «Пагоня», Беларускага форуму ў Празе «Адраджэнне» і Беларускага хостэла ў Празе, а таксама прадстаўнікі МЗС Чэхіі і праваабарончай арганізацыі «Чалавек у бядзе».
Мяркуецца, што Беларускі дом у Празе будзе выконваць функцыю «альтэрнатыўнага пасольства Беларусі» і стане праваабарончым і інфармацыйным цэнтрам для беларусаў у Чэхіі.