У калядны вечар 29 снежня сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве сабраліся, каб правесці апошнюю імпрэзу ў гэтым годзе. Распачаў яе сябра рады ТБК Валеры Радзюкевіч, які і быў у гэты раз вядучым.
Першым выступіў актыўны сябра Таварыства, рэдактар беларускай праграмы на літоўскім радыё Андрусь Старавойтаў, які распавёў пра святога Яўстафія, аднаго з трох віленскіх пакутнікаў, парэшткі якіх знаходзяцца ў Святадухавым праваслаўным манастыры Вільні. Яго выступ складаўся з двух частак. У першай Андрусь распавёў пра афіцыйную гісторыю святога Яўстафія, а ў другой – падзяліўся сваімі думкамі адносна самаго культа парэшткаў трох пакутнікаў у манастыры. Афіцыйная гісторыя сцвярджае, што святы Яўстафій быў закатаваны пры літоўскім князе Альгердзе за праваслаўную веру. І так сталася, што пасля пакутніцкай смерці ён праславіўся і яго парэшткі сталі нятленнымі. З таго часу яны захоўваліся з большага ў Вільні, непрацяглы час у Маскве. Варта дадаць, што парэшткі трох віленскіх пакутнікаў былі раздзелены і частка іх захоўвалася ў Візантыі. Далей Андрусь дзяліўся думкамі наконт самогу культа Трох віленскіх пакутнікаў. На яго думка, лепш было б, каб яны захоўваліся дзесьці ў сутарэннях кляштара і не былі выстаўленымі на агульнае агляданне, бо што карысці з таго, што людзі бачаць мёртвыя, хаця і нятленныя, целы. Ці не прасцей было б проста да іх звяртацца ў сваіх малітвах. Ды і самі пакутнікі ці былі б задаволеныя з такога ўсеагульнага аглядання, паклянення, а ў дадатак і раздзялення іх целаў на кавалкі, якія пасля перадаюцца ў іншыя цэрквы і манастрыры для пакланенняў: для Бога больш важна шчырая малітва, а не бессынсоўнае цалаванне парэшткаў мёртвага чалавека.
Сярод многіх беларускіх дзеячоў, пісьменнікаў існуе думка, што святы Яўстафій быў беларусам, з чым не пагадзіўся выступоўца Андрусь Старавойтаў. Ён адзначыў, што ў афіцыйных дакументах на гэта няма ніякіх указанняў. І другі факт, які яго схіляе да гэтай думкі – Масква вельмі паважна ставіцца да культа трох віленскіх пакутнікаў, а як вядома, яна вельмі неталератная да чужой культуры, традыцый, вераванняў. Таму, па яго словах, калі б ён быў бы беларусам, Масква проста знішчыла б цела і культ трох віленскіх пакутнікаў быў бы забытым.
У снежні споўнілася 70 гадоў з моманту пакутніцкай смерці аднаго з найбольш слаўных сыноў беларускай зямлі ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Яго служэнне было прыкладам самаахвярнай адданасці Бацькаўшчыне і сведчаннем яго усеабдымнай і неабсяжнай любові да Беларусі. На жаль, сёння не хапае святароў такога кшталту. У тыя складаныя гады міжваеннай Беларусі ў Польшчы ён не толькі прапаведваў Слова Божае на беларускай мове, але дапамагаў беларусам быць беларусамі. Вядома, яго дзейнасць не падбалася польскім уладам, за што ён неаднаразова пераследваўся і судзіўся польскімі ўладамі. У 1927 годзе за сваю дзейнасць быў асуджаны на два гады турмы.
За што ж польскія ўлады судзілі беларускага святара? Прывяду толькі цытату з пратакола судовага паседжання, які адбылося ў Вільні 12 чэрвеня 1926 г.:
„Ад сведкаў устаноўлена, што, будучы пробашчам Жодзішскай парафіі цягам 4-5 гадоў, пры кожнай магчымасці сустракаючыся з людзьмі сваёй парафіі, якія пераважна беларускай нацыянальнасці, ці ў каляды, ці аказваючы хворым рэлігійныя паслугі, ці ў іншых акалічнасцях, прыватных размовах, казаў, што ўсё, што польскае – злое: польскіх настаўнікаў называў псамі, той жа мянушкай „псы“ называў паліцэйскіх функцыянераў і казаў, што іх трэба гнаць у Варшаву; адвучваў людзей гаварыць па-польску, а загадваў ужываць беларускую мову (сведка Ян Санюк); аб польскай школе казаў, што яна псуе дзяцей; заклікаў не плаціць падаткі і не даваць жаўнераў у польскае войска, тлумачыў, што як будзе Беларусь, гэтага не трэба будзе рабіць, што мясцовым жаўнерам не патрэбна будзе ісці ў Варшаву, а лепей заставацца сярод сваіх; каб нявыплата падаткаў не цягнула за сабой рэпрэсіі, раіў „арганізоўвацца“, што ,значыць, іншымі словамі – раіў супраціўляцца выплаце падаткаў не па аднаму, а арганізаванай масай; высмейваў беднасць людзей, якія добраахвотна плацяць падаткі, спецыяльна з той мэтай, каб выклікаць у іх нежаданне іх выплочваць: нічым іншым нельга патлумачыць яго выказванне ў аднаго хворага: „У мяне (г. зн. у кс. Гадлеўскага) войт пастаяў і выйшаў, а вы, дурні, плаціце падаткі“ (сведка Міхал Мурашка).
Наступным фактам агітацыі супраць выплаты падаткаў можна лічыць такі факт: калі прадаваўся маёнтак за нявыплату падаткаў, кс. Гадлеўскі падбухторваў насельніцтва, каб не куплялі таго маёнтка, а купленае казаў вяртаць. Далей, як казалі сведкі, сваёй мэтай кс. Гадлеўскі ставіў аддзяленне Беларусі ад Польшчы, пры чым гэта так прапагандаваў: трэба праводзіць агітацыю ў народзе і такім чынам даведвацца, хто якой нацыянальнасці, а калі прыдзе хвіліна і выбухне вайна, або які іншы „бунт“, выйграем „вайну“, „выйграем Беларусь“, „злучымся з літоўцамі ці бальшавікамі, бо гэта лепш, чым з палякамі. Як за часамі Расіі мы „былі“ нявольнікамі Расіі, так зараз „з’яўляемся“ нявольнікамі Польшчы“, павінны палякаў перамогчы і хоць за дзесяць гадоў, але „даб’емся“ незалежнасці. Узгаданы ў гэтай справе Рогач са слоў кс. Гадлеўскага казаў, што калi будзе паўстанне, бальшавікі прыйдуць на дапамогу (сведак Ігнат Мілашэўскі). Для паўстання незалежнай Беларусі найперш трэба, казаў кс. Гадлеўскі, „стварыць“ беларускія школы, а калі гэтыя пляцоўкі паўстануць, тады тут жа выбухне рэвалюцыя. „Польскага арла, казаў кс. Гадлеўскі Дамініку Шэнберу, калі асвячаў яго дом, абвінавачаны, „выкінь пад ногі і патапчыся, а лепш на гэтым месцы абраз павесь“.
Такія дзеянні сведчаць аб яго антыдзяржаўнай дзейнасці. Вынікае, што гэта не былі спробы ўзбудзіць нацыянальную свядомасць беларускага насельніцтва з мэтай захавання бацькоўскай мовы і стварэння беларускіх школ як культурна-асветніцкіх асяродкаў, а спробы падбухторыць беларускае насельніцтва супраць усяго польскага, супраць польскай дзяржаўнасці, агітацыі тых, хто хоча стварэння незалежнай Беларусі не дарогай эвалюцыі, а рэвалюцыі. І гэтая варожая дзейнасць кс. Гадлеўскага знаходзіла водгук сярод людзей – бо не толькі ў адной Жодзішскай парафіі, але і ў суседніх парафіях наступіў раскол паміж палякамі і беларусамі, які 26 красавіка 1925 года прывёў да бойкі паміж беларусамі і палякамі пад час беларускага казання. Беларусы палякаў называлi ваўкамі, выходзячы з касцёла казалi, што палякаў хутка будуць драць. Словам, агітацыя кс. Гадлеўскага прывяла да такога варожага стаўлення беларусаў да палякаў, што, як дакладна казаўся сведка Юзэф Мілашэўскі, у „нас зараз такі тэрор, што „боязна“ прызнацца аб польскасці, як і за расійскім часам“.“
Старшыня ТБК Хведар Нюнька ўзгадаў пра вядомага літоўскага навукойца Тодара Іваноўскага (Тадаса Іванаўскага), які паходзіў са славутага беларускага роду і быў родным братам вядомага беларускага дзеяча Вацлава Іваноўскага. Так сталася, што гэта сям’я дала дзеячоў для трох народаў: беларусаў,палякаў, літоўцай. Так скаліся абставіны, што спадар Хведар быў знаёмы з Тадасам Іванаўскам, які ў яго быў выкладчыкам, калі ён навучаўся ў Коўна. Там Тадас Іванаўскас выкладаў дысцыпліну, звязаную з птушкамі. Варта адзначыць, што ён высока цаніўся ў Літве і СССР як навуковец і быў даволі багатым. Сам жа Хведар Нюнька шкадуе, што нягледзячы на тое, што змог з ім пасябраваць, аднак да канца так і не зблізіўся з гэтай асобай і не з’ездзіў з ім на яго радзіму ў Беларусь.
Старшыня ТБК Хведар Нюнька
Артур Юдыцкі ў сваім дакладзе закрануў праблему знішчэння беларускай мовы ў БССР, а таксама і ў сёняшняй Беларусі. Яго выступ быў прысвечаны з’яўленню ў 1957 годзе ў ЛІМе артыкула Барыса Сачанкі супраць ігнараваньня беларускай мовы ў школьным навучаньні першым на ўвесь голас падняў трывогу ў канцы 1957 году ў сваім артыкуле «Шанаваць родную мову». Сачанка, на довад сваіх цверджаньняў аб дэградацыі беларускай мовы, прывёў шмат аўтэнтычных фактаў. Між іншым, ён пераказаў размову з адной настаўніцай з Магілеўшчыны, якая яму расказала наступнае: «Я з вёскі з-пад Магілева, вучылася ў беларускай школе, здаецца, да паступленьня ва ўнівэрсытэт нядрэнна і гаварыла па-беларуску. А там забыла ўсё. Ды гэта і ня дзіўна. Пяць год ня было чуваць на лекцыі беларускага слова!» Камэнтуючы гэтыя словы, Сачанка далей засцерагае: «Куды-б ты не паступаў - у тэхнікум або інстытут - беларускай мовы й літаратуры здаваць ня трэба. Зайдзі ў любую арганізацыю, у любую ўстанову - усе справы вядуцца на рускай мове. Родная мова амаль ня ўжываецца ні на шыльдах, ні на этыкетах». Каб надаць большае палітычнае вагі сваім словам ды, відаць, застрахавацца перад абвінавачаньнем у «нацыянальнай абмежаванасьці й вылучнасьці», аўтар, зацытаваўшы словы Леніна: «члены РКП на тэрыторыі Ўкраіны павінны на справе праводзіць права працоўных мас вучыцца й гаварыць ува ўсіх савецкіх установах на роднай мове, усяляк процідзейнічаючы русіфікатарскім спробам адцясніць украінскую мову на другі план, ператвараючы яе ў сяродак камуністычнай адукацыі народных мас» - заканчвае свой артыкул высновай: «Гэта ленінскае палажэньне поўнасьцю адносіцца й да нашай беларускай мовы».
Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, сферы ўжывання беларускай мовы ўвесь час звужаліся.
Крыўдна і іншае, тое, што сёння яна таксама цалкам ігнаруецца, прычым, не толькі афіцыйнымі ўладамі, але і беларускай апазіцыяй.
Вядучы Валеры Радзюкевіч ў сваім выступе распавёў пра вядомага беларускага паэта, вязня канлагераў Сяргея Грахоўскага. У заключэнні сваёй прамовы, ён зачытаў верш „Шлюб“ гэтага паэта з тым, каб праджэманстраваць талент генія.
На вялікі жаль, у сёняшняй Беларусі беларускія паэты не шануюцца і малавядомыя. Таму наш абавязак прапагандаваць іх імёны як мага шырэй.
Варта зазначыць, што беларусы сёння не ведаюць слаўных імёнаў сваёй зямлі. Мы ганарымся тым, што ведаем Пушкіна, Талстога, Дастаеўскага, але нават не звяртаем увагі на той момант, што а сваіх айчынных пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў мы не ведаем, альбо ведаем вельмі мала, а яшчэ менш знаёмыя з іх творчасцю. Таму, з аднаго боку беларуская культура вельмі багатая, створана надзвычай шмат, але яна не вядомая, перадусім, самім беларусам. Таму хочацца спадзявацца, што ўсё ж такі пакрысе мы будзем пазнаваць разам з дзеямі сусветнай культуры і дзеі сваёй зямлі, якая нас нарадзіла, ускарміла. А мы аказаліся яе няўдзячнымі сынамі. Таму будзьма беларусамі, будзьма чытаць вершы сваіх паэтаў, кнігі беларускіх пісьменнікаў і вывучаць беларускую гісторыю не праз прызму рускай, а як сваю.
Напрыканцы імпрэзы сваім выступам нас парадаваў украінскі хор „Світліца“. Сталася ўжо добрай традыцыяй, што ўкраінскія сябры стала нас наведваюць. І вельмі прыемна ў іх бачыць родныя душы, бо ў многім праблемы, з якімі сёння сутыкнуліся беларусы, падобныя і да украінскім, перадусім русіфікатарскія працэсы, якія працякаюць на нашых землях.
І ў заканчэнні Таварыства віншуе ўсіх з Калядамі і Новым 2013 года і заклікае беларусаў быць беларусамі і да далейшага супрацоўніцтва ў Новым годзе.