Беларускамоўны спектакль "На Каляды" паказалі ў Малдове

23 снежня дзеці, якія наведваць урокі ў беларускай нядзельнай школе, упершыню выступiлi ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова са спектаклем "На Каляды" цалкам на беларускай мове.

Задача была дастаткова няпростая, але вартая затрачанага часу і сіл. Натуральна, што для большасці гэтых дзяцей беларуская мова - замежная, але з кожнай праведзенай рэпетыцыяй яна гучала ўсё больш выразна і ўпэўнена, а ў мяне ўсё больш і больш складалася адчуванне таго, што мае маленькiя малдаўскія вучні - сапраўдныя беларусы!

Што датычыцца сцэнара, то яго распрацоўкай займалася я як кіраўнік класа. Рэцэпт быў такі: велізарнае жаданне зрабіць нешта цікавае на беларускай мове, прымеркаванае да вельмі ўрачыстай падзеі – надыходу Каляд, веды яшчэ са сцен Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, інфармацыя з некаторых добрых аўтэнтычных беларускіх сайтаў, парыў натхнення і фантазіі. Так і нарадзіўся спектакль «На Каляды».

Калі асноўная канцэпцыя сцэнара была гатовая, я аддала яе на суд майго беларускага нядзельнага класса. Памятаю, як сказала ім: "Шаноўныя дзеці і бацькі, калі вам падабаецца, паспрабуем усе разам зрабіць прыгожае свята для нашых беларусаў!"

Пасля атрымання згоды на ўдзел, былі размеркаваныя ролі, і пачаўся месяц рэпетыцый. Мы сустракаліся на тэрыторыі Консульства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова, за што хочацца выказаць асаблівую падзяку Консулу Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Мацукову Аляксандру Мікалаевічу, які з вялікай павагай і ўвагаю да нас вытрымаў усе па-вар'яцку шумныя рэпетыцыі і частаваў нас у гэтыя зімовыя халодныя дні гарачай гарбатай з ласункамі.

Вядома, узнікала неабходнасць ужо ў працэсе рэпетыцый прадумваць або дапрацоўваць некаторыя нюансы, каб спектакль быў з усіх бакоў гарманічным. Давялося сумясціць у сабе аўтара сцэнара і рэжысёра-пастаноўшчыка, выкладчыка беларускай мовы і харэографа, выкладчыка вакалу і касцюмера і г.д. Але тая аддача, якая ішла ад дзяцей, несувымерная ані з якімі выдаткамі сіл і часу!

Усе дзеці, нягледзячы на ​​свой невялікі ўзрост, вельмі адказна падышлі да сваіх роляў. Натуральна, што падчас рэпетыцый перыядычна здараліся і ў нас «творчыя крызісы». Але вельмі цешыла, што ўсе вучні хацелі навучыцца дакладна вымаўляць беларускія словы і вельмі ўважліва ставіліся да ўсіх маіх заўваг адносна гэтага пытання. Кожны юны артыст хацеў добра выступіць, каб ім маглі ганарыцца яго родныя, як беларусы, так і малдаване.

Такім чынам, у нас з'явілася святочная беларуская хата, упрыгожаная нашымі непаўторнымі ручнікамі ды цудоўнай саламянай лялькай, і, вядома, сапраўдныя гаспадар з гаспадыняй. Канечне, не абышлося і без каляднага стала, на які, як і ў нашых старажытных продкаў, спачатку паклалі сена, а ўжо пасля накрылі абрус. Ну і як жа без асноўнай сакральнай стравы – куцці? Давялося дастаткова доўга пашукаць у крамах Кішынёва цэльнае ячменнае зерне! Потым з'явіліся і іншыя святочныя прысмакі, максімальна адпаведныя Вялікай куцці. На асобнай талерачцы была і каша для Зюзі, зімовага бога, каб улагодзіць яго. А пасля святочнай вячэры, усе з вялікай радасцю сустракалі калядоўшчыкаў, якія прыйшлі, як і належыць, з хітрай казой, якая прыкідваецца, што памірае, і ажывае толькі пасля шчодрага пачастунку, а таксама з вясёлым мядзведзем і каляднай зоркай.

Трэба сказаць, што нас ушанавалі і прадстаўнікі абшчыны, так і з боку прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова. Мы атрымалі запрашэнне выступіць яшчэ раз з нашым спектаклем ў Дэпартаменце міжэтнічных адносін 13 студзеня, калі Беларуская абшчына ў Рэспубліцы Малдова традыцыйна збіраецца на святкаванне Новага года.

Канечне, асноўнай асаблівасцю гэтага спектакля было тое, што  ўпершыню ў сваім жыцці малдаўскія дзеці, якія наведваюць беларускую нядзельную школу, загаварылі на беларускай мове. Сапраўды, у нашых гледачоў стварылася ўражанне, што ўсе вучні выдатна, якія выступалі, валодаюць беларускай мовай, але да гэтага мы пакуль яшчэ толькі імкнемся! Многія землякі, у тым ліку і старшыня Беларускай грамады ў Рэспубліцы Малдова Юрый Антонавіч Статкевіч, адзначылі выдатнае беларускае вымаўленне ў дзяцей: «Адчуванне такое, быццам яны бы прыехалі да нас на гастролі!»

Вядома, што такія пахвальныя выказванні за праведзеную працу, мяне як культуролага вельмі акрыляюць: разумееш, што можна быць карысным роднай Беларусі нават на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў ад яе!

Вось спіс маіх вучняў-артыстаў, дзякуючы якім і стала магчыма такое прыгожае свята:

Анфінагенава Альбіна - 8 гадоў, не мае ніякіх сваякоў у Беларусі, выпадкова трапіла ў беларускую нядзельную школу, але захапілася і заўсёды наведвае заняткі разам з бацькамі, хоча пабываць у Мінску на экскурсіі.

Афтэніе Арына – 8 гадоў і Афтэніе Эвеліна – 6 гадоў – дзве сястрычкі. Іх бабуля - Карагенава Галіна Сяргееўна - сапраўдная беларуска і паводле духу і паводле паходжання, актыўны сябра Беларускай суполкі ў Малдове, пастаянны спонсар розных творчых мерапрыемстваў абшчыны.

Мазур Цімафей – 6 гадоў – мой старэйшы сын, ужо добра ведае, што ён не толькі малдаванін, але таксама і сапраўдны беларус, у якога жывуць у Мінску бабуля Галiна, дзед Леня i шмат iншых сваякоў.

Мацукоў Уладзімір – 4 гады – сапраўдны беларус, сын Консула Рэспублiкi Беларусь у Рэспубліцы Малдова Мацукова Аляксандра Мікалаевіча.

Тайнік Аляксей – 13 гадоў і Тайнік Вольга – 8 гадоў – брат і сястра. Іх бабуля – Тайнік Анна Iванаўна - актыўная беларуска, член Савета Беларускай грамады ў Малдове, а таксама стараста па Гомельскай вобласці ў суполцы.

Убачыўшы вочы маіх вучняў пасля выступлення, я адчула, што іх поўнілі вялікая радасць і гонар, кожны з іх разумеў, што здзейсніў нешта вельмі важнае для родных беларусаў тут у Малдове!

Ганна Мазур, кіраўнік беларускай нядзельнай школы ў Малдове, член Савета Беларускай грамады ў Рэспубліцы Малдова