25 снежня ў Празе мясцовыя беларусы адзначылі свята Раства Хрыстовага набажэнствам у грэка-каталіцкай царкве святых Кузмы і Дзям’яна і святочнай гасцінай у тэатральнай залі пры царкве.
Пасля невялікага спеўнага конкурсу і скокаў дзеці атрымалі падарункі ад святога Міколы. Адбыўся таксама святочны абед. У лістападзе сёлета пробашч мясцовай беларускай парафіі Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы айцец Андрусь Абламейка абвясціў дабрачынную акцыю паводле прынцыпу Самарытанскага кашаля – збор калядных падарункаў для дзяцей у прытулках Беларусі.
Праскія беларусы сабралі вялікую колькасць патрэбных дзецям розных узростаў рэчаў: дзіцячы шампунь, пасту для зубоў, шчоткі, дзіцячую касметыку для дзяўчынак, канцылярскія прылады і іншае.
Некалькі дзясяткаў кілаграмаў сабраных рэчаў, запакваных у скрынкі ў калядных абгортках будуць перададзеныя у дзіцячыя дамы і прытулкі Беларусі.