І сапраўды, не ўпершыню сустракае гасцей фестываль беларускай народнай творчасці "У гасцях у Лявоніхі”, які сёлета ўжо ў 10-ы, юбілейны, раз праводзіцца ў Новасібірскай вобласці. Лічба абавязвае азірнуцца, ацаніць зробленае, паразважаць, куды рухацца далей.
- Рух у прынцыпе і не спыняўся, - лічыць Ніна Васільеўна Кабанава, дырэктар Новасібірскага цэнтра беларускай культуры, пад эгідай якога штогод праходзіць гэтае традыцыйнае нацыянальны свята. - Увесь час прыцягваліся новыя ўдзельнікі, стражэй станавіўся адбор на месцах, пашыралася геаграфія. А галоўнае, узрастала цікавасць сібіракоў да гэтай ужо знакавай падзеі. Гэта, пагадзіцеся, немалы стымул і для ўдзельнікаў, і для арганізатараў. Думаю, прыцягвае людзей магчымасць далучыцца да вечных агульначалавечых і сямейных каштоўнасцяў, якія прапаведуюць традыцыйныя героі беларускага фальклору Лявон і Лявоніха. Павандравала наша «Лявоніха» па розных раёнах вобласці, яе ведаюць і ўжо чакаюць. Памятаюць яе і ў далёкім Васюганні, дзе здаўна сяліліся беларусы, і ў блізкім Кочэнева, і вядома ў Новасібірскіх Дамах культуры. Памятаюць нязменную гасціннасць, з якой Лявон і Лявоніха прымаюць гасцей ва ўтульнай беларускай хаце з самаварам і пірагамі. І госці дораць гаспадарам за іх цяпло і ласку рускія і беларускія песні і танцы, забаўляльныя і лірычныя.
У гэтым годзе юбілейную дату «Лявоніха» адзначала ў с. Баравое Новасібірскага раёна. Мясцовая ўлада і раённы аддзел культуры годна падрыхтаваліся да такой урачыстасці. Удзельнікам і гасцям, а з'ехалася іх не мала, былі створаны выдатныя ўмовы. Кіраўнік пасялковай адміністрацыі Віктар Каралёў адзначыў, што такую колькасць людзей Дом культуры яшчэ не прымаў.
Не зусім звычайным быў пачатак свята. Перапоўненае фае, дзе традыцыйна праходзіць забаўляльна-гульнявая праграма, ператварылася ў сапраўдную мастацкую майстэрню. Наведвальнікі не толькі любаваліся шэдэўрамі народных майсроў, але і маглі самі паўдзельнічаць у іх вырабе. Гэта былі сапраўдныя майстар-класы, якія праводзілі прафесіяналы з сельскіх клубаў, дзіцячых школ мастацтваў і культурных цэнтраў. Хочацца адзначыць шматгранныя таленты майстроў з Верх-Тулы. Гэта і ткацтва, і разьба па дрэве, і вышыўка, а ганчарнае кола, над якім чараваў Анатоль Сярогін, асабліва цешыўла тых, каму з яго дапамогай удалося вылепіць гаршчок або вазу.
Вядомая ў вобласці майстрыха па саломапляценні Вольга Верашчагіна з Ардынскага раёна дэманстравала шырокія магчымасці такой тонкай матэрыі як саломка. А яшчэ - Хахламскі роспіс, вязанне кручком, паперапластыка, драўляны роспіс, - усё гэта выраблялася на вачах у гледачоў і стварала маляўнічую экспазіцыю, дзе фантазія аўтараў выяўлялася ва ўсю моц. Перапляталіся ў творах майстроў і беларускія, і рускія матывы, пры ўсім пры тым, што кожны стараўся паказаць свой характар і каларыт. Мабыць, увесь гэты спектр рукадзельных рамёстваў, шчырае жаданне таленавітых людзей падзяліцца сваімі сакрэтамі і сталі адметнай рысай сёлетняга свята.
Асабліва хочацца адзначыць цікавасць да свята дзяцей. Вясёлае маляўнічае прадстаўленне паказаў дзіцячы ўзорны тэатр лялек з Верх - Тулы. Юныя артысты ўжо паспелі стаць лаўрэатамі Усерасійскага конкурсу «Тэатральныя сустрэчы ў правінцыі». Дзяцей і дарослых зацягваў у карагод ансамбль «Сібірскі ўзор" з с. Смаленка Машкоўскага раёна. З яго выступу і пачаўся святочны канцэрт ужо на сцэне, у інтэр'ерах беларускай хаты. Калектыў, дарэчы, зусім нядаўна пабываў у Беларусі на рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай песні. Мастацкі кіраўнік ансамбля Іна Кісялёва распавяла пра шматлікія творчыя сустрэчы з беларускімі гледачамі, выступы на найбуйнейшых сталічных прадпрыемствах, пра сумесныя канцэрты з славутымі «Песнярамі», ветлівы прыём гасцей з Сібіры. «Прывітанне» ад гістарычнай Радзімы, а затым і беларускія песні ў выкананні ансамбля здолелі развеяць настальгію па родным краі, якая прагучала са сцэны ў дыялогу Лявона і Лявоніхі: «а памятаеш, жылі мы на Палессе, слухалі родныя песні, хоць разок бы там пабываць ... ». І зусім ужо развеяўся сум нашых герояў, калі загучала вясёлая «Лявоніха», пад якую яны не ўтрымаліся і таксама пусціліся ўпрысядкі разам з танцорамі. Дасціпныя рэплікі, звыклае кпіны Лявона і Лявоніхі ўдала перамяжоўваліся з песнямі і танцамі гасцей. У гасцінную хату запрашалі і «Кумачак» - фальклорны ансамбль з Ардынскага раёна, і «Сібірскую мазаіку» - ансамбль народнага танца з Верх-Тулы, і «Чапурушку» з Кочэнева. І зноў пускаліся ў скокі Лявоніха з Лявонам, калі на сцэну выходзілі ўнукі - юныя артысты: дзіцячы ансамбль «Преображение» з п. Горны Тагучынскага раёна, ансамбль «Калібры» ДШМ с. Баравое, юныя вакалісты. Апладысменты ў перапоўненай зале не змаўкалі.
З не меншай цеплынёй сустракалі гледачы і артыстаў з суседніх гарадоў. З Томска быў запрошаны ансамбль беларускай песні "Барвіначка», кіраўнік іркуцкай аўтаноміі беларусаў Алег Рудакоў прывёз аж два калектывы - ансамбль «Ленушка» і ансамбль аўтэнтычнай песні «Крывічы», які пад крыкі «брава» па-майстэрску выканаў традыцыйныя беларускія песні.
- «Брава» і вялікі дзякуй хочацца сказаць усім, хто мае дачыненне да гэтай падзеі: народным умельцам, артыстам і гасцям, Лявону і Лявонісе, якія бліскуча выканалі свае ролі, - заявіла пасля заканчэння свята, уручаючы ўзнагароды і падарункі, дырэктар НЦБК Н.В. Кабанава, - цікавасць да нашай «Лявоніхі» - сведчанне таго, што працуем мы не дарма.
Пастаянны творчы пошук, ініцыятыву Цэнтра і яго супрацоўнікаў адзначыла кансультант міністэрства культуры Новасібірскай вобласці Н.П. Максімава. У далейшым, натуральна, спыняцца на дасягнутым не варта, а шукаць новыя формы. Да прыкладу, можна больш шырока выкарыстоўваць відэа-і-фотаматэрыялы, якія захоўваюцца ў архіве Цэнтра, іх дэманстрацыя значна ўзбагаціла бы ўяўленне пра яго працу.
Творчы патэнцыял Цэнтра несумненна, расце. Спрыяюць гэтаму ў немалой ступені пастаянныя семінары, стажыроўкі, якія штогод арганізуе ў Мінску Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой «Радзіма». Адпраўляючы на вучобу кіраўнікоў калектываў з розных раёнаў вобласці, дырэктар Цэнтра бачыць, што іх зносіны з прафесіяналамі з Беларускага інстытута культуры, дзе праходзіць вучоба, дае свае вынікі, а значыць, з'явяцца свежыя ідэі. Брэндам беларускай культуры назваў «Лявоніху» прадстаўнік абласнога камітэта па сувязях з рэлігійнымі і нацыянальнымі арганізацыямі Ігар Бабенка. Гэта ўжо досыць раскручанае свята, і ў нашай шматнацыянальнай вобласці беларускія рамёствы, песенная і танцавальная культура займаюць значнае месца. Статус свята падмацавалі і віншаванні ад імя мэра Новасібірска і губернатара вобласці, якія адзначылі каштоўны ўклад беларусаў у культурную палітру Сібіры. Фінал свята, калі ў выкананні салісткі Цэнтра Анастасіі Трубянковай і ўсіх удзельнікаў урачыста прагучала вядомая песня «Белая Русь», выклікаў велізарны эмацыйны водгук у гледачоў. І таму арганічнымі апынуліся заключныя словы Лявона і Лявоніхі: «Гасцей сустракаць - нам не прывыкаць, а беларуская хата заўжды будзе стаяць на гасціннасці і хлебасольстве мацней, чым на любым падмурку».