На мінулых выходных у сядзібе Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтра імя святога Кірылы Тураўскага "Марыйным доме" (Marian House) у Лондане адбылося першае з традыцыйных калядных мерапрыемстваў — беларуская батлейка. Вечарыну наведаў карэспандэнт "Тут і цяпер".
Лялькі з парыжскай кватэры
Ад часу з'яўлення пасля Другой сусветнай вайны прыкметнай беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі Каляды ўваходзяць у лік яе асноўных святаў. Аднак апошнія 10 год апроч царкоўных набажэнстваў ды калядак па беларускіх хатах неад'емнай часткай святкавання сталі паказы батлейкі — беларускага народнага лялечнага тэатра.
"Роўна 10 год назад у парыжскай кватэры Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі адшукалася скрыня з лялькамі, — распавядае карэспандэнту "ТіЦ" лонданскі праўнік, сябра рады Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі Павал Шаўцоў. — Тады я прапанаваў зладзіць на Каляды адмысловы паказ батлейкі".
Адмысловец у беларускай абрадавай традыцыі Караліна Мацкевіч знайшла сярод бязмежных скарбаў найвялікшай за мяжой лонданскай Беларускай бібліятэкі-музея імя Францішка Скарыны пісьмовыя прыклады батлеек з розных рэгіёнаў Беларусі. Дыялектныя разыходжанні беларускай мовы былі адаптаваныя да сучаснага маўлення. Дэбютны паказ займеў вялікі поспех сярод беларускай лонданскай грамады і яе брытанскіх сяброў.
"Мы давалі калядныя прадстаўленні два гады, але раптам аб'явіўся ўладальнік лялек, які запатрабаваў калекцыю назад,— кажа Павал Шаўцоў. — Паколькі знайсці замену выявілася не так проста, нам прыйшлося замовіць новыя лялькі ў Беларусі".
Другое нараджэнне лонданскай батлейкі
На дапамогу суайчыннікам прыйшла беларуская мастачка Алена Ткачова. "Я сустрэў Алену сярод вернікаў яшчэ ў адзін з першых прыездаў на радзіму на самым пачатку 1990-х, — узгадвае рэктар Беларускай каталіцкай (уніяцкай) місіі ў Англіі айцец Аляксандр Надсан. — Яна не толькі выдатная мастачка, але і скульптар, майстар на ўсе рукі і адданая беларуска".
Каб вывезці 16 лялек у Лондан, брытанскім беларусам прыйшлося атрымаць дазвол міністэрства культуры. Балазе бюракратычныя фармальнасці былі пераадолены, і на Каляды 2004-га абноўленая батлейка зноўку сабрала грамадскую залу Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтра імя святога Кірылы Тураўскага. З таго часу паказы адбываюцца штогод. Прычым, апошнія тры гады на дапамогу Паўлу Шаўцову за батлейкавай "сцэнай" прыйшла фатограф і дызайнер Саша Белавокая.
"Тое, што сёння мы даем дзясятую батлейку — адназначная заслуга Паўла, які мае прыроджаныя артыстычныя здольнасці ды так паспяхова пераўвасабляецца ў характэрных герояў беларускага мястэчка, — распавядае Белавокая, якая дала новае жыццё жаночым персанажам. — Як і ў традыцыйнай беларускай батлейцы, наша прадстаўленне складаецца з дзвюх частак: рэлігійнай (кананічнай) і свецкай (народна-побытавай). Традыцыйны біблейскі сюжэт разыгрываецца на верхнім ярусе скрыні-"сцэны", а жанрава-побытавыя сцэнкі — на ніжнім".
Цікава, што кожны год арганізатары батлейкі імкнуцца прынесці ў сцэнар спектакля нешта новае. Гэтак, у якасці музычнай тэмы свецкай часткі сёлета гучаў культавы "Народны альбом".
Па сканчэнні прадстаўлення ўсіх прысутных дзетак чакаў сюрпрыз — калядныя падарункі ад батлейкавага Святога Мікалая. Дарослыя ж атрымалі магчымасць пагутарыць у цёплай сяброўскай атмасферы за кілішкамі віна ды пачастункам.
Арганізатарам імпрэзы выступіла Англа-беларускае таварыства.
Каляды толькі пачынаюцца!
Але на гэтым беларускія Каляды ў Лондане не скончыліся. 24 снежня а 18-й гадзіне ў беларускай грэка-каталіцкай царкве імя Святых Апосталаў Пятра і Паўла адбудзецца Калядная Вячэрня з Боскай Літургіяй. Паводле традыцыі, пасля вячэрняй службы ў "Марыйным доме" адбудзецца посная куцця. У святочных мерапрыемствах чакаецца ўдзел дыпламатычнага прадстаўніка Ватыкана — апостальскага нунцыя архібіскупа Антоніа Мэніні.
У дзень Раства Хрыстовага 25 снежня а 10.30 тамсама пройдзе Боская Літургія.