На Беласточыне завяршылася беларускае літаратурнае "Бязмежжа"

Завяршылася літаратурнае "Бязмежжа-2012", якое арганізоўвае Праграмная рада Тыднёвіка “Ніва” і Беларускі Саюз у Польшчы. У штогадовых літаратурных сустрэчах удзельнічаюць каля 30 літаратараў з Беларусі і Польшчы. Цягам трох дзён літаратурнага "Бязмежжа" прайшлі сустрэчы, майстар-класы і семінары ў Беластоку, Гайнаўцы, Новым Ляўкове.

Сярод сёлетніх імпрэзаў - прэзентацыя праектаў, якія цесна звязаныя з літаратурай, напрыклад, прэзентацыя дакументальнага кіно Міколы Ваўранюка пра народнага паэта з Беласточчыны, прэзентацыя новай кнігі даследчыцы беларускай культуры Лены Глагоўскай, прэзентацыя кнігі ўспамінаў Ларысы Геніюш "Птушкі без гнёздаў", якая нядаўна, дзякуючы Беларускаму гістарычнаму таварыству, выйшла ў Польшчы па-польску, бардаўскія прэзентацыі Алеся Камоцкага, Таццяны Беланогай, Эдуарда Акуліна.

Літаратурнае "Бязмежжа" завяршылася падсумаваннем 15-га літаратурнага конкурсу “Дэбют”, які праводзіць тыднёвік беларусаў у Польшчы “Ніва”. Першае месца сярод дарослых у катэгорыі проза было прызнанае рэдакцыйнай сяброўцы "Нівы" Улі Шубзде.

У сёлетнім конкурсе прыняло ўдзеў 47 асобаў. Першае месца ў катэгорыі пачатковых школаў ды гімназіі было прызнана Лукашу Марчуку з Нараўкі. Сярод дарослых першае месца ў катэгорыі паезіі атрымаў Станіслаў Дамброўскі з Сафіполя ў гміне Гарадок.

* * *

Пачалося літаратурнае “Бязмежжа-2012”, якое арганізоўвае праграмная рада Тыднёвіка “Ніва” і Беларускі Саюз у Польшчы. У штогадовых літатурных сустрэчах удзельнічаюць каля 30 літаратараў з Беларусі і Польшчы. Беларускія пісьменнікі на Падляшша прывезлі найлепшае, кажа старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.

Яўген Вапа: Самае галоўнае – гэта беларускія сустрэчы, якія дазваляюць нам беларусам з Беласточчыны, людзям, якія цікавяцца літаратурай, глытануць “свежага паветра”, набраць сілы на ўвесь год. Мы чакаем гэтага прыезду нашых сяброў-пісьменнікаў з Беларусі, як прыезд Святога Мікалая, бо яны не прыязджаюць з пустымі рукамі, яны прывозяць столькі кніжак, што іх хапае, каб чытаць увесь год. Калі я сёння пабачыў гэты мікрааўтобус загружаны кнігамі, то я ўжо жыву ў іншым свеце, думаю, як гэта ўсё прачытаць, і колькі людзей захочуць гэта прачытаць, якія будуць стаяць у чарзе па гэтыя кнігі. “Бязмежжа” дае нам натуральны імпульс, каб чытаць, гаварыць пра гэта, дыскутаваць, абмяркоўваць і быць з людзьмі, якія з’яўляюцца гонарам беларускай нацыі.

РР: З якім настроем прыязджаюць беларускія пісьменнікі на Падляшша ў гэтыя святочныя дні?

Барыс Пятровіч: Вельмі файная назва – “Бязмежжа”, мне яна вельмі падабаецца, яна вельмі сімвалічная. Такім чынам сціраюцца межы, якія былі штучна ўтвораныя паміж беларусамі, якія жывуць у Беларусі, а таксама беларусамі, якія жывуць на Падляшшы. Мы з задавальненнем прымаем удзел у гэтых мерапрыемствах, стараемся, каб сюды прыехалі самыя цікавыя, самыя лепшыя беларускія літаратары, самыя папулярныя, тыя хто нейкім чынам вызначыўся за папярэдні год, тыя хто напісаў новы, цікавы твор ці выдаў новы зборнік вершаў. Тут за гэтыя гады перабылі фактычна ўсе самыя цікавыя беларускія літаратары, самы япапулярныя сёння ў Беларусі паэты, празаікі, эсэісты. Вельмі добра, што ёсць магчымасць сустрэцца з беларусамі, якія жывуць на Падляшшы. Можна пачытаць ім свае творы, паслухаць іх творы, набрацца сілаў, здароўя, энтузіязму, натхнення на цэлы год, каб зноў чакаць новай сустрэчы на “Бязмежжы”.

РР: Я прыгадаў традыцыю чальцоў Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія ездзяць па прадпрыемствах, па калектывах, дзе шукаюць свае вобразы, тэмы. Вашае падарожжа – гэта нешта падобнае?

Барыс Пятровіч: Я б не параўноўваў з гэтым, там абсалютна іншыя задачы. У нас няма ніякай ідэалогіі, у нас ёсць сяброўства і ўзаемадачыненні, найперш гэта. Натхненне – вядома. Калі мы пабывалі ў Гайнаўскім і Бельскім ліцэі, сустрэліся з вучнямі, пагаманілі з імі, пабачылі, як афармляюцца залы. Калі ўваходзіш у Гайнаўскі ліцэй, адразу душа радуецца, калі бачыш родныя колеры, родныя сімвалы. На жаль, мы не так часта бачым гэта ў Беларусі, але вельмі радыя, што тут гэта захоўваецца. Пабачыўшы ўсё гэта, мы прасякаемся верай, што не так далёка час, калі ўсё гэта будзе і ў нас.

РР: Распавядзіце, калі ласка, дзе можна будзе сустрэць пісьменнікаў, і хто з іх прыехаў?

Яўген Вапа: З самай раніцы я меў магчымасць паслухаць цікавую музыку, запісаную Эдуардам Акуліным, які прыязджае сюды, каб прадставіць новы кампакт-дыск са сваімі аўтарскімі песнямі і кнігу. Завітае да нас і старшыня СБП Барыс Пятровіч Сачанка, які распавядзе пра саюз, пра выданні, пра свае творчыя пошукі. Алесь Пашкевіч, які выдаў новую кнігу прозы. Будзем прэзентаваць кампанію “Будзьма беларусамі”. Алесь Плотка выступіць не толькі як каардынатар гэтай кампаніі, але і як паэт. Будуць празаікі з Гродна, сярод якіх Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч.

Мы таксама будзем прэзентаваць маладых беларусаў з Падляшша. У гэтым годзе - чатыры новыя асобы, якія з нашага асяроддзя беларусаў Беласточчыны. Я думаю, для іх будзе гонар выступіць перад такімі знакамітымі аўтарамі, яны хацелі паслухаць і павучыцца ў майстроў. Мы будзем з візітам у Гайнаўцы, у рэдакцыі “Нівы”. Трэба сказаць, што арганізатарм “Бязмежжа” з’яўляецца праграмная рада тыднёвіка “Ніва”, Беларускі саюз у Польшчы. Будзе паездка ў Беларускі ліцэй у Гайнаўцы. У нядзелю завяршаецца і адбудзецца падсумаванне юбілейнага 15-га конкурса “Дэбют”, які арганізаваны рэдакцыяй “Нівы” і Беларускім саюзам. Гэта конкурс для маладых людзей і дарослых, якія не з’яўляюцца сябрамі прафесійных творчых літаратурных калектываў. Гэта шанец для пачаткоўцаў незалежна ад узросту, якія пішуць. Дзякуючы гэтаму конкурсу, гэтае маладое пакаленне, якое ўжо піша і з’яўляюцца сябрамі літаратурнага аб’яднання “Белавежа”, якое адзначыць у наступным годзе 55-годдзе. Дзякуючы гэтаму конкурсу яны ўвайшлі, папоўнілі гэтае творчае аб’яднанне.

Пра тое, чым з’яўляецца беларуская літаратура ў Польшчы, як яна ўспрымаецца ў Беларусі, пра гэта напярэдадні юбілею будзе распавядаць Ала Петрушкевіч з Гродна. Яна займаецца гэтай тэмай прафесійна, яна таксама выступіць на “Бязмежжы”. З нашага боку будзе Алена Глагоўская, якая будзе казаць пра польска-беларускія культурныя дачыненні ў кантэксце працы, якая выйшла. Найбольшая ўвага будзе нададзена пытанню, як гэта выглядала ў літаратуры. Я думаю, што тэмаў для натхнення і пошукаў на 2013 год будзе шмат. Нам трэба арганізацаь адно моцнае, вялікае мерапремства, дзе будуць адбывацца прэзентацыі беларускай літаратуры, якое будзе арганізавана самімі беларусамі. Мерапрыемства, на якім штогод будуць адбывацца прэзентацыі, літаратурныя чытанні, выданні беларускай літаратуры. Гэта добрая нагода, каб аб’яднаць беларусаў з іншых краінаў. Мы павінны самі зрабіць такое свята беларускай літаратуры – гэта будзе выклік нашай самастойнасці, бо калі гэта пачынае рабіцца ўказамі прэзідэнта ці міністра, такія фестывалі будуць праходзіць, але яны не будць мець душы. Літаратура патрабуе душы – гэта самае галоўнае. Мы падумаем пра нешта такое.

Барыс Пятровіч: Мы таксама набліжаліся да гэтага, таксама прыехалі з нейкімі прапановамі, таму ў нас будзе магчымасць паразмаўляць. Падобныя фестывалі, семінары ладзяцца ў Беларусі. Мы апошнім часам арганізавалі некалькі паэтычных фестываляў, цяпер думаем пра наступны фестываль, прысвечаны памяці вядомага беларускага паэта Міхася Стральцова. Летась мы правялі такі фестываль, сёлета і на наступны год таксама. Важна, каб на падобных мерапрыемствах прысутнічалі нашыя калегі, літаратары з Беласточчыны. Што тычыцца вялікага фестывалю беларускай літаратуры сёння ў Беларусі, на жаль, не ўдасца гэтага арганізаваць. Калі да гэтай справы падключыцца беластоцкі бок, то мы будзем толькі радыя. Мы падтрымаем падобнае мерапрыемства не толькі на ўзроўні ідэі, арганізацыі, але ўсімі магчымымі сродкамі. Калі б гэта атрымалася, гэта была б вельмі файная справа – гэта дазволіла б нейкім чынам прапагандаваць беларускую літаратуру не толькі ў Беларусі і Польшчы, але і ва ўсім свеце.

Паціху, патроху беларуская літаратура ажывае. Пачаў выдавацца новы часопіс “Беларус”, вакол якога гуртуюцца тыя беларусы, якія з’ехалі з нашай краіны, якія жывуць сёння па ўсім свеце. Яны робяць вельмі важную справу, добра было б, каб яны таксама далучыліся да вось гэтага фестывалю, які, дасць Бог, удасца арганізаваць. Чаго я чакаю ад “Бязмежжа”? Найперш – гэта сустрэчы з беларускімі літаратарамі, якія жывуць у Польшчы. Хацелася б паслухаць іх новыя творы, тое, што ім удалося зрабіць за гэты час. Таксама вельмі цікавіць моладзь, беластоцкая, падляшская, якая падрастае. Пачуць іх, пабачыць – гэта тое, што можа быць для нас стымулам у далейшай працы.

Яўген Вапа: Адметнасцю “Бязмежжа” ўжо некалькі гадоў з’яўляецца спалучэнне некалькіх жанраў культуры, якія маюць літаратурную аснову. У гэтым годзе таксама будзем прэзентаваць дакументальнае кіно, якое звязана з людзьмі літаратуры, з тымі тэмамі, праблемамі беларусаў Беласточчыны. Напрыклад - гэта тое, чым з’яўляецца беларуская падляшская гісторыя. Каб нашыя сябры з Беларусі пабачылі, што для нас з’яўляецца гістарычнай памяццю, што для нас з’яўляецца сілай і адначасна цяжарам, з якім мы павінны змірыцца. Дакументальнае кіно будзе прадстаўляць Мікола Ваўранюк. Будзе паказаны спектакль, які звязаны з нашай мінуўшчынай “Ой, даўно-даўно”. Таксама выступяць выканаўцы бардаўскай песні, у гэтым годзе іх ажно тры: Таццяна Беланогая, Алесь Камоцкі і Эдуард Акулін, які прэзентуе новы кампакт-дыск, выдадзены дзякуючы Беларускаму Радыё Рацыя.

Літаратурныя сустрэчы ўжо маюць гісторыю і сталі традыцыйнымі – дадае старшыня праграмнай рады Тыднёвіка “Ніва” і Беларускага Саюза ў Польшчы Яўген Вапа і падкрэслівае, што нарадзілася ідэя пераўтварыць іх у беларускі літаратурны фестываль.

Цягам трох дзён літаратурнага «Бязмежжа» прайшлі сустрэчы, майстар-класы і семінары ў Беластоку, Гайнаўцы, Новым Ляўкове. Сярод сёлетніх імпрэзаў таксама - прэзентацыя праектаў, якія цесна звязаны з літаратурай, напрыклад, прэзентацыя дакументальнага кіно Міколы Ваўранюка пра народнага паэта з Беласточчыны, бардаўскія прэзентацыі Алеся Камоцкага, Таццяны Беланогай, Эдуарда Акуліна, падсумаванне 15-га літаратурнага конкурсу “Дэбют”, які праводзіць Тыднёвік беларусаў у Польшчы “Ніва”.