Ушанаванне памяці слуцкіх паўстанцаў у Бельгіі

Святкаванне 92-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну ў Беларускай грамадзе Антверпена пачалося з творчай вечарыны беларускага музыкі Змітра Вайцюшкевіча 25 лістапада.

Падчас вечарыны была зачытаная віншавальная заява ад Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спадарыні Івонкі Сурвіллы.

30 лістапада з ініцыятывы актывіста Беларускай Нацыянальнай Памяці Сяржука Пашкевіча беларусы Бельгіі і Францыі наведалі помнік ў гонар слуцкіх паўстанцаў каля горада Mittenwald у Альпах. Помнік быў пастаўлены ў 1948 годзе беларускімі ўцекачамі.

Ля абеліску слуцкім змагарам святар Беларускай уніяцкай Царквы ў Антвэрпене Ян Майсейчык адслужыў заўпакойную ліцію за душы тых, хто паклаў сваё жыццё за волю і незалежнасць Бацькаўшчыны пад Слуцкам у 1920 годзе.

З кароткай прамовай выступіў Радны БНР Зміцер Піменаў і актывіст Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання Павал Хівук. Выступоўцы адзначылі важнасць ушанавання кожнага беларускага героя, які ахвяраваў сваё жыццё за будучыню нашай Бацькаўшчыны, а таксама звярнулі ўвагу на тое, што абавязак кожнага сумленнага Беларуса – пакінуць добры след і добрую памяць аб Беларусі на чужыне.

Арганізатары святочнай вечарыны і паездкі ў Альпы выказваюць падзяку ўсім беларусам, што спрычыніліся да арганізацыі святочных мерапрыемстваў.