Чарговае суботняе паседжанне Таварыства беларускай культуры адбылося 24 лістапада 2012 г.
Уступным словам яго распачаў Алесь Адамковіч, які і быў вядучым усяе вечарыны. “Дазвольце распачаць нашае паседжанне, прысвечанае гэтым разам знакавым падзеям і юбілеям, якія прыпадаюць на месяц лістапад-2012”.
Найпершай падзеяй, што прыпадае на лістапад, вядучы назваў Слуцкі збройны чын. Колісь з гэтай нагоды ў Вільню прыяжджалі навукоўцы, а цяпер віленчукі сваімі сіламі адзначаюць гэтую ўрачыстасць. Аднак супраца з беларускімі сіламі працягваецца, паколькі Дзень Волі й Слуцкі Збройны Чын — нашыя галоўныя святы.
З гэтай нагоды вядучы даў слова Старшыні ТБК у Вільні, сп. Хведару Нюньку, які зачытаў Зварот Прэзідэнта Рады БНР спадарыні Івонкі Сурвіллы.
«Дарагія суродзічы!
Як і кожны год, у лістападзе думкамі я пераношуся на Стуччыну. Прыпамінаецца дзесяць тысяч адважных случчакоў, для якіх доля айчыны была важнейшай за ўсё іншае, уключна з жыццём. Прыпамінаецца аповесць Васіля Быкава «На чорных лядах». Калі Вы яшчэ не чыталі яе, дык прашу, прачытайце… »
Заканчваўся зварот моцным вобразам: «Усе мы случчакі ў гэты восеньскі месяц».
Міхась Скобла прысвяціў свой выступ постаці Зоські Верас:
Беларусы па абодва бакі мяжы ў даўгу перад Людвікай Антонаўнай Войцік. Гэта яна надрукавала свой першы твор яшчэ ў 1907 годзе – усяго на два гады пазней за Янку Купалу, а аўтарам легендарнай “Нашай нівы” стала ў 1911-м. Гэта яна ў 1916 годзе сустракла ў Мінску Максіма Багдановіча, які абяцаўся пісаць ёй з Ялты, з “белага дома над сіняй бухтай”. Гэта яна на ўсё жыццё запомніла, як бальшавікі ў снежні 1917-га разганялі ў Мінску І Усебеларускі кангрэс. Гэта яна за свае сціплыя заробкі ў 1928 годзе выдала паэтычны зборнік Міхася Машары “Малюнкі” і толькі за гэта заслугоўвае не меншай пашаны, чым Магдалена Радзівіл – фундатарка неўміручага “Вянка”. Гэта яна рабіла і выпускала ў свет часопісы для дзяцей “Заранка” і “Пралескі”, а для дарослых – месячнік “Беларуская борць”, якім карысталіся пчаляры па ўсёй Заходняй Беларусі. Гэта яна склала і выдала ў 1924 годзе знакаміты “Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік”, у які і сёння не зашкодзіць зазірнуць самым дасведчаным лексікографам, каб даведацца, як праўдзіва на роднай мове называецца тая ці іншая расліна. Гэта яна, ведаючы пра пільнае цэнзураванне дванаццацітомавай “Беларускай савецкай энцыклапедыі”, склала свой уласны рукапісны энцыклапедычны даведнік, дзе змясціла жыццяпісы Аркадзя Смоліча, Станіслава Грынкевіча, Янкі Багдановіча, Міхася Забэйды-Суміцкага – двух дзясяткаў выдатных беларускіх дзеячоў, імёны якіх на той час айчынным эцыклапедыстам згадваць забаранялася… Зоська Верас – постаць яшчэ не спазнаная і належна не ацэненая. Цяпер я рыхтую да друку яе выбранае. Успамінаў, нарысаў, лістоў назбіралася на дыхтоўны двухтомавік. З унукам пісьменніцы Яраславам Войцікам мы з’ездзілі ў Панарскі лес, на тое месца, дзе стаяла Лясная хатка. Прыкра, што мясцовыя жыхары зрабілі там сметнік. Трэба было б зладзіць там талаку і прыбраць смецце.
Наступным выступоўцам быў Андрусь Старавойтаў, які закрануў цікавую тэму — пра асаблівасці святкавання абраду «Дзядоў» на Віленшчыне. Колісь кожны рэгіён меў свае пэўныя рэгіянальныя адметнасці на Дзяды, а сёння гэтае свята па-сутнасці страчанае. Пачынаючы ад пачатку ХХ ст., пераважна ад савецкай акупацыі, святкаванне забаранялася. Гэта адмоўна адбілася і на стане захаваньня ўсёй беларускай культуры на Віленшчыне.
Як аднавіць тое, што было страчана? Як працягнуць гэтую традыцыю ў будучым — гэта будзе часткова залежыць і ад нас…
Тэму святкаваньня «Дзядоў» працягнуў Артур Юдыцкі, звярнуўшы ўвагу на тое, як прайшлі яны сёлета ў Мінску. Адбыліся пэўныя знакавыя змены: «Чаму сёння прыйшло менш народу, чым звычайна?» І што будзе з Дзядамі надалей:. ці бальшыня людзей будзе ў будчым у пераважнай большасці адзначаць яго па сваіх рэгіянальных могілках, ці будуць збірацца разам? Гэтыя пытанні трывожна павісаюць у паветры. Чым станоўчым і знакавым запомніцца святкаванне Дзядоў-2012 у Мінску, дык гэта тое, што наперадзе малалікай калоны з бел-чырвона-белым сцягам крочыў былы палітзняволены Сяргей Каваленка. Як гэты сімвал будзе выкарыстоўвацца надалей?
Чарговы выступоўца, студэнт Еўрапейскага універсітэта ў Вільні Андрэй Строцаў расказаў пра Паўлюка Багрыма, якому ў лістападзе споўніла 200 гадоў з дня нараджэння. За гэты доўгі час у багрымазнаўстве былі свае знаходкі (архіўная справа пра «бунт у Крашыне») ды іншыя, якія спарадзілі пытанне веры: ці існаваў такі пісьменнік і чалавек? Шмат хто спрачаецца: можа, наогул не пісаў...
Наступным прапанавалі выступіць Язэпу Янушкевічу, які акурат у лістападзе да 200-годдзя П.Багрыма выдаў буклет «А ў маскалях трудна жыці…», куды цалкам увайшоў даўні артыкул даследніка «Ледзьве здымкі ўратаваў…» з новымі звесткамі пра сямейнікаў Паўлюка Багрыма і яго самога. Пераважна гэта былі метрычныя запісы хросту Паўлюка, акты смерці ягоных маці і бацькі ды інш. Дакументы ў віхурах ХХ ст. уратаваў колішні крашынскі пробашч Карусь (Караль) Жураўскі, парабіўшы фотакопіі з архіўных матэрыялаў, а напрыканцы жыцця пераслаўшы іх у Мінск (1988 г.). Вось гэтае новае настолькі было сенсацыйным, што ў многіх «даследнікаў» не вытрымалі нервы, і яны пачалі адмаўляць Паўлюку ў аўтарстве легедарнага верша «Зайграй, зайграй хлопча малы…». У юбілейным буклеце змешчаны чарговыя невядомыя матэрыялы. Учытваючыся ў іх, можна сустрэць частыя згадкі пра старэйшую Багрымаву сястру Ганну і жахнуцца ад таго, што за год да агульнавядомай Крашынскай трагедыі 1828 г. сямейства Багрымаў перажыло ўласную трагедыю, калі давялося капаць дол для васьмімесячнага Антосіка, а потым для трохгадовай Паўлінкі... Можа, літаратуразнаўцы па-іншаму прачытаюць радкі славутага верша, даведаўшыся (упершыню) пра драму падлетка Паўлюка. Таму і на трэцім стагоддзі ад нараджэння легендарнага каваля й мастака слова нас будуць хваляваць ягонае паднявольнае жыццё і незабітая прага творцы, каб хай не ў слове, забароненым яму для публічнага ўжытку, дык у метале звінець голасам неўміручага жаваронка. І чаму дасюль аніводзін мастацтвазнаўца не звярнуў увагі, якія выявы адкаваў, бы на дзяржаўнай пячатцы, на сваёй слыннай жырандолі Паўлюк Багрым? Прыгледзьцеся да ілюстрацый у буклеце: ці гэта святы Юры? Ці гэта наша святая Пагоня? Легенды, звязаныя з імем крашынскага каваля, працягваюць раскрывацца і ў ХХІ стагоддзі, чакаючы сваіх паэтаў...
Паказаў выступоўца прысутным і іншыя выданні, што выйшлі з ягоным удзелам: пераклад лістоў Станіслава Манюшкі, рамана Сяргея Пясэцкага «Пяты этап» (падзеі, апісаныя ў ім, часткова адбываюцца ў Вільні), а таксама дзвюхмоўнага паэтычнга зборніка Ул. Някляева «Развітальны жэст Жыгімонта» (на беларускай і польскай мовах).
Валеры Радзюкевіч, сябра Віленскага ТБК. Расказаў пра лёс і творчасць Якуба Коласа, у якога сёлета ў лістападзе таксама юбілей — 130-я ўгодкі з дня нараджэння. Мастак Алег Аблажэй працянуў гаворку пра слыннага песняра, пра паэму «Новая зямля»: “Я хацеў напісаць артыкул «Забойства Якуба Коласа» - пра тое, як запалохвалі паэта. Магчыма, яго выратавала тое, што ён меў больш пачуцця гумару, чым астатнія. Якуб Колас, як нейкі грэцкі герой, выкрыкваў свой боль у выкапаную ямку…”
Адамковіч Алесь, вядучы, расказаў пра постаць Міхася Машары. Сёлета адзначаецца 110 гадоў з дня яго нараджэння.
Мастачка з Мінска Святлана Радкевіч зачытала вершы Міхася Машары пра 25-га сакавіка і Ларысы Геніюш «Бабулька».
Хведар Нюнька расказаў пра аўстралійскага беларуса Міхася Раецкага. У лістападзе яму споўнілася б 85 гадоў. Беларускае радыё ў Аўстраліі, пазбаўленае дзяржаўнага фінансавання, закрылася. Відныя дзеячы памерлі (Міхась Лужынскі), новых няма. Пабудавалаі сваю царкву й могілкі. І там ёсць свой Данчык. Паслухайце….
І ноч даўжэй за млечны шлях.
І не магу забыцца я –
Была мая й не мая…