На кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта прайшла прэзентацыя кнігі “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Гэта чарговае перавыданне твора Яна Баршчэўскага, рэдактарам і перакладчыкам якога з’яўляецца літаратуразнаўца з Варшаўскага ўніверсітэта, прафесар Мікола Хаўстовіч.
Сам пераклад быў зроблены Хаўстовічам яшчэ ў студэнцкія гады:
- Гэта навуковае выданне, найбольш папраўленае, найбольш дакладнае. Студэнцкі пераклад ёсць студэнцкі пераклад – гэта перакладзена 20 гадоў назад, таму там былі такія моманты, якія варта было паправіць. Тэкст Баршчэўскага – гэта правінцыйная польская мова, гэта не мова цэнтральнай ці Заходняй Польшчы, гэта мова Полаччыны і яна вельмі лёгка клалася на беларускую мову.
У кнізе змешчаны польскі і беларускі варыянты тэксту Яна Баршчэўскага. Як адзначыў падчас прэзентацыі Мікола Хаўстовіч, выданне „Шляхціца Завальні” рыхтуецца таксама ў выдавецтве „Логвінаў” у Мінску.