Мерапрыемствы, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры, заснавальнікаў сучаснай беларускай мовы і літаратуры, народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа праходзяць па ўсім свеце.
Бо сапраўды, маштабы iх творчасцi носяць сусветны памер. Беларускі народ, у якім кутку свету ён бы ні знаходзіўся, немагчыма ўявіць без гучных імёнаў сваіх песняроў.
Святочныя мерапрыемствы арганізавалі Беларуская абшчына ў Рэспубліцы Малдова сумесна з Пасольствам Беларусі ў Малдове.
Так, у пачатку лістапада адбыўся вельмі цікавы творчы вечар, прысвечаны Янку Купалу і Якубу Коласу, на якім шырока была прадстаўленая інфармацыя аб жыцці і творчасці нашых славутых паэтаў.
А цяпер з нагоды гэтай урачыстай даты на працягу некалькiх тыдняў малдаўскі глядач і беларусы, якія тут жывуць змогуць палюбавацца на выставу карцін Вячаслава Ігнаценкі і мастацкіх фотапрацаў Ганны Мазур, што адчыніла свае дзверы ў Дэпартаменце міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова.
Выстава мае назву «Беларусь мая сінявокая» і прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Усе прадстаўленыя працы мастакоў натхнёныя менавіта літаратурнымі вобразамі вялікіх беларускіх класікаў. Такія назвы карцін i фотапрацаў як «Родныя вобразы», «Мая вёска», «Каля роднай хаты», «Я хачу аб табе», «Забытае святло», «Матчына акенца», «Душа», «Ты скажы мне, цьма глухая», «Песня вольнага чалавека», «Летам», «А ты, сіраціна, жыві» «Песняру», «Пчолы і трутні», «Не шумі ты, лес высокі» і іншыя кажуць аб глыбіні і шырыні творчай спадчыны паэтаў.
На адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова, сябры беларускай, рускай, украінскай, польскай і эстонскай суполак.
«Творчасць вялікіх беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа не толькі глыбока нацыянальная, але і інтэрнацыянальная, і не губляе актуальнасці і ў нашы дні, бо ўздымае шмат вечных тэмаў, – з вялікім гонарам кажа старшыня Беларускай абшчыны ў Малдове Юрый Статкевіч. – Тым больш прыемна бачыць, як цудоўныя працы нашых беларускіх мастакоў пераклікаюцца з мастацкімі вобразамі і паэтычнымі радкамі твораў вялікіх беларускіх песняроў».
«Я вельмі задаволены, што мы з Ганнай зрабілі такую сумесную выставу, бо ўжо даўно хацеў аб'яднаць жывапіс і мастацкую фотаграфію, - натхнёна расказвае мастак Вячаслаў Iгнаценка. - Мы паспрабавалі візуалізаваць хоць у некай ступені той вялікі літаратурны скарб, які нам пакінулі Янка Купала i Якуб Колас».
«Асабліва пачэсна зрабіць выставу з такой урачыстай нагоды. Янка Купала i Якуб Колас – вялiкiя iмёны беларускай зямлi. Дзякуючы iм мы сёння можам размаўляць на роднай, прыгожай i такой мiлагучнай беларускай мове, – урачыста i менавiта па-беларуску гаворыць перад усімі высокапастаўленымі гасцямі фотамастачка Ганна Мазур. - Творчасць Купалы i Коласа – гэта наш самабытны беларускi голас, голас беларускай самасвядомасцi i самавызначэння».
«А яшчэ больш прыемна тое, што творчасць нашых беларускіх мастакоў Вячаслава Ігнаценкі і Ганны Мазур прасякнута такімі ж глыбокімі патрыятычнымі пачуццямі і любоўю да роднай беларускай зямлі, як і творчасць вялiкiх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа», - асобна падкрэслівае саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Аляксандр Салаўёў.