У Яраслаўлі адкрыўся клуб беларускай мовы і культуры "Спадчына"

У Яраслаўлі ўжо 20 гадоў існуе «Цэнтр беларускай культуры. Музей М. Багдановіча», а пры ім амаль 15 гадоў працуе грамадская арганізацыя руска-беларускай дружбы «Сяброўства». У доме класіка беларускай літаратуры беларусы - частыя госці. Жыццё тут цікавае: адзначаюцца народныя святы, праходзяць канцэрты, прыходзяць і запрашаюць сюды землякоў на дні нараджэння і вясельны картэж беларусаў не праязджае міма гэтага гасціннага дома.

У музей прыходзяць маладыя беларусы, каб далучыцца да сваіх каранёў. Ёсць тут і бібліятэка беларускіх выданняў, і фанатэка, і відэазапісы рэканструяваных абрадаў, і беларускія касцюмы, ручнікі. Моладзь даўно хацела зрабіць свае сустрэчы рэгулярнымі, cпазнаваць родную культуру, вывучаць мову, спасцігаць традыцыйныя промыслы. І тады паўстала першая і галоўная цяжкасць: выкладчыкаў беларускай мовы і вопытных даследчыкаў, якія спецыялізуюцца на беларускай культуры ў Яраслаўлі няма. Ды і хто будзе кожны тыдзень прыходзіць і займацца з вучнямі бясплатна? Рашэнне прыйшло ад саміх сцен дома. Як спасцігаў у Яраслаўлі спадчыну продкаў Максім Багдановіч? Самастойна, па кнігах.

“Беларусы павінны быць знаёмы з мовамі славянскіх народаў. І беларусам гэтае лягчэй даецца”, - лічыў Максім Багдановіч. Мы таксама марым вывучыць іншыя славянскія мовы.

З 4 кастрычніка ўдзельнікі клуба збіраюцца кожны тыдзень, размаўляюць, робяць даклады. Заканчваецца кожная сустрэча невялікай дыктоўкай. Дапамогу ў рабоце клуба аказваюць беларусы, курсанты Яраслаўскага філіяла Ваенна-касмічнай акадэміі імя А. Ф. Мажайскага.

Удзельнікі гуртка збіраюцца не толькі  для сумеснай падрыхтоўкі заняткаў, але кожны выказвае свае погляды на беларускую літаратуру, гісторыю, тэатральныя пастаноўкі, тэлеперадачы, фільмы. На занятках не патрабуецца “зубрыць”: добрае ўяуленне аб законах беларускай мовы, гістарычным развіцці, культуры беларусаў і ўзаемных уплывах лічацца больш карыснымі.

Да невялікага гурточка моладзі, які пачаў гэтую цікавую справу, цяпер далучаецца ўсё больш старэйшых людзей, якія захоўваюць родную мову. Яраслаўскі ансамбль беларускай песні "Крыніца" таксама не застаецца ўбаку ад сходаў "Спадчыны".

Музей Максіма Багдановіча