У Кішынёве адзначылі 130-годдзе з дня нараджэння Купалы і Коласа

Творчы вечар, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, прайшоў 2 лістапада ў Кішынёве. Мерапрыемства арганізавалі Беларуская абшчына у Рэспубліцы Малдова сумесна з Пасольствам Беларусі ў Малдове.

Творчаму вечару папярэднічала адкрыццё выставы карцін і мастацкіх фотаработ "Беларусь мая сінявокая" сяброў Беларускай абшчыны Вячаслава Ігнаценкі і Ганны Мазур.

Іх працы пераклікаюцца з мастацкімі вобразамі і паэтычнымі радкамі твораў беларускіх класікаў дзякуючы намаляваным на іх беларускім краявідам, прыгажосцям роднага краю.

Творчасць вялікіх беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа не толькі глыбока нацыянальная, але і інтэрнацыянальная. Іх вершы перакладзеныя на 40 моваў свету. Творчасць Купалы і Коласа не губляе актуальнасці і ў нашыя дні. Іх творы працятыя глыбокімі патрыятычнымі пачуццямі любові да Айчыны, народа, роднай зямлі.

У Малдове вялікіх беларускіх класікаў таксама ведаюць і шануюць.

Удзельнікам творчага вечара была прадстаўленая шырокая інфармацыя аб жыцці і творчасці песняроў, былі паказаныя прысвечаныя ім дакументальныя фільмы. Прадстаўнікі амбасады Беларусі ў Малдове і Беларускай абшчыны дэкламавалі вершы і ўрыўкі з літаратурных твораў Купалы і Коласа, а таксама вершы ўласнага сачынення, прысвечаныя класікам.

Спевакi, народная артыстка Малдовы Маргарыта Iвануш i Вiктар Навiцкi выканалі песні на вершы беларускіх паэтаў.

У творчым вечары ўзялі ўдзел прадстаўнікі рускай, украінскай, польскай, эстонскай абшчын Малдовы, якія падкрэслілі важнасць захавання духоўнай спадчыны Беларусі і ўзаемнага ўзбагачэння культур.

Напрыканцы імпрэзы яе наведнікі пакаштавалі дранiкi, мачанку i iншыя стравы i напоi беларускай кухнi, зробленыя рукамi жанчын беларускай суполкi.

Старшыня Рады Беларускай абшчыны  ў Малдове Статкевiч Ю.А