У Іркуцкай вобласці сабралі ўраджай па-беларуску

З песнямі, карагодамі, танцамі і правядзеннем спецыяльнага рытуалу адзначылі свята ўраджаю ў Баяндаеўскім раёне Іркуцкай вобласці. У вёсцы Васільеўск прайшоў традыцыйны беларускі абрад "Дажынкі", прысвечаны завяршэнню ўборкі збожжавых.

Жанчыны ў прыгожых святочных уборах, узброіўшыся сярпамі, па старадаўніх звычаях зжыналі апошняе непрыбранае поле пшаніцы і вязалі снапы. Паспрабаваць уласныя сілы ў гэтай няпростай і руплівай працы і аддаць сваю даніну старадаўняй традыцыі змаглі ўсе жадаючыя.

Паводле традыцыі ўдзельнікі абраду выбіраюць самы лепшы сноп, які завецца гаспадар.

Вёска Васільеўск невыпадкова была выбраная для правядзення старадаўняга абраду "Дажынкі". Гэта паселішча, як і суседнія Тургенеўка і Лідзінск, было заснаванае беларускімі перасяленцамі. Таму тут імкнуцца захаваць традыцыі і звычаі беларускага народа.

Свята, на якое сабраліся жыхары навакольных вёсак, праводзілася на пшанічным полі. Маляўнічая дзея адбывалася паводле старажытных абрадавых традыцый. Да поля жніцы падышлі з народнымі песнямі. Пасля гэтага ўзяліся за асноўную працу. Згодна з традыцыяй першай пачала старэйшая жняя. Яна размяркоўвала удзельніц рытуалу ў залежнасці ад узросту, паспяховасці ў працы. Усе гэтыя прамудрасці былі патрэбныя для таго, каб праца ішла. Ніхто нікога не затрымліваў, а калі трэба - падбадзёрваў. Між сабой у жніц ішло свайго кшталту суперніцтва. Уся цяжкая, знясільваючая праца суправаджалася песнямі. Мужчынам удзельнічаць забаранялася. Шмат хто ў першы раз паспрабаваў асвоіць гэтае рамяство. Адной з першых да працы прыступіла Таццяна Крапуста, кіраўнік МА «Васільеўск».

- Ведаеце, вельмі цяжка. Я ўсяго адзін маленькі сноп нажала і ўжо стамілася. А яго яшчэ завязаць трэба. Я навучылася, але стамілася. Дарэчы, даволі цікавы вопыт, - дзеліцца яна ўражаннямі. Па заканчэнні жніва на апошнім загоне пакінулі невялікі нязжаты кавалачак, літаральна некалькі каласкоў. Яго па-беларуску называюць барадой. Каласкі перавязваюць чырвонай стужачкай і праводзяць цэлы комплекс рытуальных дзеянняў. У першую чаргу старэйшая жняя перадае серп малодшай, што сімвалізуе перадачу традыцыі маладому пакаленню. Малодшая праполвае бараду, каб у наступным годзе не было пустазелля, прычым робіць гэта праз невялікую ільняную тканіну. Праполваць траву нельга голай рукой, каб зямля не была голай і давала добры ўраджай. Затым палівае яе - каб зямля не сохла, а была насычаная вільгаццю. Сярпом зразаюць каласы і пакідаюць толькі тры. Жняя сярпом капае ямку, абвівае пакінутымі каласкамі кавалак хлеба і закопвае яго ў зямлю. Гэта сімвалізуе даніну матухне-зямлі.

Пасля праведзенага паводле ўсіх канонаў рытуалу ўдзельнікі водзяць вакол снапоў карагоды, спяваюць песні і выбіраюць сноп-гаспадар і вянок. Іх урачыста ўручаюць гаспадарам поля - Віктару Здышаву, старшыні раённай думы, і Таццяне Крапуста. Яны павінны захоўваць гэтыя сімвалічныя знакі да наступнага ўраджаю, калі зноў будзе праведзены беларускі абрад. Каб аддзячыць работнікам, гаспадары запрашаюць усіх да стала і частуюць смачнай і сытнай вячэрай.

Наталля Умнова і Надзея Булычова, жыхаркі вёскі Тургенеўкі, распавялі, што ў паселішчы імкнуцца захаваць беларускія традыцыі і мову.

- У нашым ансамблі «Варэнічкі» мы выконваем 28 беларускіх песень, развучваем народныя танцы. Больш за палову насельніцтва Тургенеўкі - гэта беларусы. Мы адзначаем паводле сваіх абрадаў Купалу, «Гуканне вясны», Каляду, якая ў нас называецца шчадрухай, і іншыя святы. Увосень у нас праходзіць яшчэ адно свята - «Бульбяш», яно прысвечанае бульбе. Сёння засталося ўжо мала старажылаў, якія свабодна гавораць па-беларуску. Мы вывучаем родную мову самастойна: вучым словы, народныя прыказкі, прымаўкі, казкі. Нашыя дзеці гэта пераймаюць ўжо ад нас. Дарэчы, сярпамі мы карыстаемся да гэтага часу. Праўда, ужо ў хатняй гаспадарцы - зразаючы крапіву і дробную траву. Цяпер серп ужо лічыцца рарытэтам, а для нас гэта сапраўдная прылада працы.

Лідзія Гергесава,

"СМ Номер один" № 40 - 2012