У Вільні прайшла нарада пад эгідай Рады БНР

Кіраўнікі вялікіх палітычных і грамадзкіх арганізацый правялі нараду пад эгідай Рады БНР. Не было Калякіна і «Гавары праўду».

Мэтай нарады кіраўнікоў беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацыяў са старшынёй і сябрамі Прэзідыюму Рады, як паведамляецца на старонцы Рады БНР у facebook, была «выпрацоўка захадаў у справе забеспячэньня абароны незалежнасці Беларусі».

У паведамленні адзначаецца, што «удзельнікі сустрэчы адзначылі небяспеку палітыкі самаізаляцыі і знішчэння беларускай нацыянальнай свядомасці, пацвердзілі, што неабходнай зарукай для забеспячэння беларускага нацыянальнага суверэнітэту ёсць дэмантаж аўтарытарнага рэжыму А. Лукашэнкі.

Як першачарговыя мэты былі названыя неадкладнае вызваленне палітвязняў і спыненне палітычных рэпрэсіяў».

У Мемарандуме, дзе вызначаныя кірункі сумеснай дзейнасці, гаворыцца, што «ўдзельнікі нарады з Беларусі пацвярджаюць прызнанне Рады БНР ў яе статутнай ролі не-партыйнага, над-палітычнага органу беларускай дзяржаўнасці» і «да часу надыходу статутных умоваў складання Радай свайго гістарычнага мандату, гэта значыць абрання дэмакратычнай улады на свабодных выбарах, пры гарантаванай дзяржаўнай незалежнасці, прадстаўнікі беларускай палітычнай і грамадзянскай супольнасці прызнаюць Раду БНР рэзервовым палітычным дэпазітарыем беларускай незалежнай дзяржаўнай традыцыі. Старшыня і сябры Рады БНР пацвярджаюць адданасць Рады мэце спаўнення свайго статутнага мандату».

Паведамляецца таксама, што «з пэўных прычынаў, не ўсе запрошаныя лідэры і кіраўнікі палітычных і грамадскіх арганізацыяў прысутнічалі на нарадзе; Мемарандум адкрыты для далучэння.

Поўны тэкст мэмарандуму будзе апублікаваны пазней».

У паведамленні таксама пералічваюцца (у алфавітным парадку) тыя, хто падпісаў Мемарандум: Уладзімер Барадач (Аргкамітэт Рады Нацыянальнага Адраджэння), Вінцук Вячорка (Аргкамітэт «Беларускага Руху)», Аляксандр Дабравольскі (АГП), Мікалай Дземідзенка («Малады Фронт»), Уладзімер Колас (Рада беларускай інтэлігенцыі), Вольга Карач (грамадзянская кампанія «Наш Дом»), Аляксандар Мілінкевіч (Рух «За свабоду»), Станіслаў Шушкевіч (БСДГ), Аляксей Янукевіч (партыя БНФ), ад імя Рады БНР — Івонка Сурвілла.