1 лістапада беларусы з Бельгіі і Францыі ў чарговы раз сабралася разам, каб ушанаваць памяць усіх спачылых продкаў і памянуць тых, хто спрычыніўся да беларускай гісторыі.
Старшыня Беларуска-Еўрапейскага задзіночання Зміцер Піменаў расказаў, што ў Беларускай грэка-каталіцкай царкве айцец Ян адслужыў вялікую паніхіду за ўсіх загінулых за радзіму і бязвінна забітых у цяжкія гады рэпрэсій і змагання за бацькаўшчыну.
Пасля паніхіды вернікі Беларускай парафіі Святамучаніка Язафата Полацкага і Ўваскрасення Хрыстовага з Антвэрпэну наведалі магілу беларускага патрыёта і выбітнага кампазітара, які напісаў музыку да гімну "Магутны Божа", Міколы Равенскага. Ён пахаваны на могілках у фламандскім горадзе Лёвэне. Піменаў: «Падчас памінальнай акцыі луналі бел-чырвона-белыя сцягі і сцяг беларускіх студэнтаў, перададзены Янкам Жучкам, прадстаўніком пасляваеннай хвалі беларускай эміграцыі на Захадзе. Спадар Янка пайшоў з жыцця ў Бельгіі два гады таму. Яго памяць таксама ўшанавалі ўсе прысутныя, згадаўшы і ўласных продкаў, якія моляцца за нас на тым свеце, і ўсіх, хто аддаў часцінку свайго жыцця Беларусі».