Супрацоўнікі беларускай амбасады сцвярджаюць, што арганізатары выставы ў Варшаве не ўзгаднілі правядзенне выставы і яе змест.
У польскай сталіцы адбылося адкрыццё беларускага арт-праекта Zabor.
За пяць хвілін да пачатку ўрачыстага адкрыцця беларуская амбасада зняла большую частку экспазіцыі.
Выставу «зрэзалі» за кошт карцін, якія намякаюць на савецкае мінулае Беларусі і абмежаванні свабод. Знялі партрэты Сталіна і Леніна. Такім чынам асноўная ідэя выставы - іранічная настальгія аб савецкім мінулым - была разбурана паведамляе TUT.by.
Сітуацыя выклікала неразуменне, як з боку мастакоў, так і з боку гледачоў. Супрацоўнікі амбасады сцвярджаюць, што арганізатар выставы - кіруючая кампанія «Зубр Капітал» - не ўзгадніла правядзенне выставы, піша «Народная воля».
Выстава рэпрадукцый карцін сучасных беларускіх мастакоў пад адкрытым небам, аб'яднаная праектам Zabor, два з паловай месяцы праходзіла ў Мінску, пасля чаго адправілася ў сталіцу Польшчы. У рамках праекта прадстаўлены 40 карцін чатырох мастакоў, якія працуюць у розных стылях і накірунках, - Руслана Вашкевіча, Сяргея Коваля, Уладзіслава Стальмахова, Віктара Альшэўскага.