30 кастрычніка ў Санкт-Пецярбургу ўспаміналі ахвяр палітычных рэпрэсій

Трагічныя падзеі закранулі мільёны сем'яў былога СССР і сталі адной з найстрашнейшых вехаў у дзяржаўнай гісторыі.

Згодна з традыцыяй, з самай раніцы гараджане ўсклалі кветкі да памятнага каменю "Ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Петраградзе-Ленінградзе", устаноўленаму на найстарэйшай у Пецярбургу Траецкай плошчы.

Аддаць даніну памяці загінулым палітвязням прыйшлі і сябры пецярбургскіх грамадскіх арганізацый "Мемарыял" і "Асацыяцыя ахвяр неабгрунтаваных рэпрэсій". З бел-чырвона-белымі сцягамі ў мітынгу ўзялі ўдзел актывісты клуба “Беларусы Пецярбурга”.  

Удзельнікі мітынгу казалі пра тое, як важна памятаць пра падзеі больш чым сямідзесяцігадовай даўніны. Многія праводзілі паралелі з днём сённяшнім, у якім зноў з'явіліся палітвязні - удзельнікі масавых акцый пратэсту супраць несумленных выбараў. Яшчэ больш гаротная сітуацыя ў Беларусі, дзе за кратамі рэгулярна апынаюцца дзясяткі вязняў сумлення, якія пратэставалі супраць палітыкі Лукашэнкі.

"Гэтая памяць вельмі важная", - адзначыў начальнік аддзела ўзаемадзеяння з грамадскімі арганізацыямі камітэта па сацыяльнай палітыцы Санкт-Пецярбурга Ігар Фешчанка. "Аб гэтым трэба памятаць, каб не атрымалася тое, што было ў нас ў трыццатыя гады", - падкрэсліў Фешчанка.

Жалобная паніхіда з зачытваннем імёнаў ахвяраў рэпрэсій прайшла на мемарыяльным могілках "Левашоўская пустка", дзе хавалі зняволеных ленінградскіх турмаў у 1937-1954 гадах. Тут, ля Левашова, 20 гадоў таму беларуская дыяспара Санкт-Пецярбургу паставіла крыж у памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій супраць народа Беларусі. Крыж гэты быў усталяваны адным з першых. Следам за беларусамі свае крыжы ўсталявалі іншыя нацыянальныя суполкі горада.

30 кастрычніка стаў афіцыйным Днём памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у 1991 годзе ў адпаведнасці з пастановай Вярхоўнага Савета РСФСР. За час існавання СССР мільёны незаконна асуджаных людзей апынуліся ў турмах па палітычных матывах. Дакладная колькасць ахвяраў рэпрэсій не вядомая і да сёння, аднак паводле захаваных дакументаў у перыяд з 1921 па 1953 год былі рэпрэсаваныя 4 мільёны 60 тысяч чалавек, у тым ліку 799.455 прысуджаныя да расстрэлу. Толькі на "Левашоўскай пустцы" ў Пецярбургу паводле розных звестак спачываюць парэшткі 20 тысяч палітвязняў.

Сёлета споўнілася 75 гадоў з пачатку аднаго з самых страшных перыядаў палітычных рэпрэсій у СССР, вядомага як час "вялікага тэрору": у 1937-1938 гадах за "контррэвалюцыйную дзейнасць", тады замацаваную ў арт. 58 КК РСФСР, былі асуджаныя 1,3 мільёны чалавек, палова з іх расстраляныя.