Панылая пара! Вачэй зачараванне! Такую характарыстыку даў восені Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. І калі з другой часткай сцвярджэння вялікага класіка многія пагаджаюцца, то з «панылай парой» вырашылі не згаджацца ўдзельнікі і госці VIII Беларускага дзіцячага фестывалю мастацтваў «Беларусь - мая песня!», які набыў статус штогадовага і стаў візітнай карткай Рэспублікі Беларусь і беларускага мастацтва ў Самарскай вобласці.
Восеньская прахалода і іншыя нязручнасці надвор'я не перашкодзілі стварыць цёплую святочную атмасферу ў сярэдняй школе № 82 гарадской акругі Самара, дзе 26 кастрычніка яркім гала-канцэртам завяршыўся фестываль мастацтваў «Беларусь - мая песня!», які падарыў у чарговы раз унікальную магчымасць многім юным талентам Самарскай вобласці паказаць свае творчыя здольнасці.
Творчы форум мастацтва Беларусі ў Самары ўжо традыцыйна праходзіў у межах народнага беларускага свята «Апошняга снапа» («Дажынкі»).
Асаблівасць правядзення фестывалю ў гэтым годзе, паводле словаў Ірыны Глускай, прэзідэнта Самарскай абласной грамадскай арганізацыі «Руска-беларускае братэрства-2000», якая яшчэ ў 2004 годзе выступіла з ініцыятывай праводзіць у Самары гэты фестываль, заключаецца ў тым, што ён праходзіць у год, які ў Беларусі абвешчаны годам Кнігі. Сёлета мы адзначаем яшчэ 130-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа і 100-годдзе з дня нараджэння Максіма Танка.
“Улічваючы, што ў календары цэлы россып юбілейных дат, абавязковай умовай сёлетняга фестывалю, - кажа Ірына Глуская, - было ўключэнне твораў класікаў беларускай літаратуры ў конкурсныя нумары ўдзельнікаў”.
Сёлета ў фестывальнай праграме ўзялі ўдзел дзіцячыя самадзейныя калектывы і салісты з агульнаадукацыйных, музычных школ і школ мастацтваў Самарскай вобласці, якія прадставілі ў сваіх нумарах багатыя традыцыі і звычаі беларускай культуры.
Весела і заўзята выконваліся беларускія народныя танцы: «Беларуская полька» (харэаграфічны ансамбль «Натхненне», МБОУ САШ № 82, педагог Варанецкая М.А., канцэртмайстар Ілясава Е.Ф.); «Бульба» (харэаграфічны ансамбль «Вясёлка», МБОУ САШ № 124, педагог Слепава Н.В.); «Купалінка» (харэаграфічны ансамбль «Серпантын», МБОУ САШ № 101, педагог Елісеева Л. А.) і іншыя, не менш яркія танцавальныя нумары.
Трэба адзначыць, што танцавальнае мастацтва заўсёды займала значнае месца ў нацыянальнай культуры беларусаў. Не было ніводнай колькі-небудзь значнай падзеі ў жыцці, каб ёй не знаходзілася месца ў танцах.
Цёпла сустракалі гледачы і выканаўцаў беларускіх народных песень: «Ой, Рэчанька» (вакальны ансамбль «Элегія» МБОУ САШ № 82, педагог Дзмітрыева Е. А.); «Марусі хата на памосце» (фальклорны ансамбль «Калінка», дзіцячая музычная школа № 7, педагог Маёрава О.В.). Са сцэны гала-канцэрта гучалі і іншыя беларускія песні. Нездарма кажуць, што песня - самая багатая вобласць вуснай народнай творчасці.
У цэлым праграма гала-канцэрта ўключала больш за 30 нумароў, а ў самім канцэрце ў розных намінацыях удзельнічала больш за 70 дзяцей розных нацыянальнасцяў і ўзростаў.
Усе ўдзельнікі атрымалі граматы, а лаўрэаты былі адзначаныя Дыпломамі VIII Абласнога беларускага дзіцячага фестывалю мастацтваў «Беларусь - мая песня!» за высокае выканальніцкае майстэрства і ўнёсак у папулярызацыю беларускай культуры на Самарскай зямлі.
У межах фестывалю «Беларусь - мая песня!» прайшоў конкурс «Восеньская мазаіка», у якім былі вызначаныя тры намінацыі: вырабы з бульбы і іншай агародніны; букеты восені з каласоў, лісця, кветак, садавіны і іншых восеньскіх дароў прыроды і дзіцячыя малюнкі пра Беларусь.
Усе ўдзельнікі гэтага конкурсу былі таксама ўзнагароджаныя граматамі, а найлепшыя работы - адзначаныя дыпломамі і памятнымі падарункамі.
Ірына Глуская адзначае, што ўсе ўдзельнікі пастараліся і выдатна выступілі са сваімі танцавальнымі і песеннымі нумарамі, удзельнікі конкурсу «Восеньская мазаіка» таксама цудоўна справіліся з творчымі заданнямі.
- Чым больш у нас будзе такіх мерапрыемстваў, тым лепш будзе для нашых дзяцей. У Самарскай вобласці вельмі шмат юных талентаў і часам трэба толькі дапамагчы дзіцяці зрабіць першы крок на шляху да поспеху. І нават калі пасля ён і не зробіцца вялікім артыстам ці мастаком - не бяда, галоўнае, што нашыя дзеці могуць дакрануцца да свету прыгожага, да свету беларускага мастацтва, - пераканана кажа арганізатар дзіцячага фестывалю мастацтваў «Беларусь - мая песня!» у Самарскай вобласці.