27 кастрычніка ў ТБК адбылася чародная імпрэза, прысвечаная ўшанаванню памяці і ўспамінам пра культурных і грамадскіх дзеячоў, юбілеі якіх прыпадаюць на кастрычнік і чый лёс быў звязаны з Вільняй і Беларуссю. Гэта зрабілася ўжо традыцыяй, якая за апошнія пяць гадоў ні разу не перарывалася. Імпрэза заўсёды праводзіцца ў апошнюю суботу месяца а 15 гадзіне.
Пра жыццёвы шлях вялікага і мужнага беларускага патрыёта, які жыў амаль па суседстве, Міколу Рулінскага распавяла Леакадзія Мілаш. Мікола Рулінскі вучыўся ў беларускай гімназіі, паходзіў з даволі заможнай сям’і, быў актывістам беларукага руху ў часе польскай акупацыі. Калі трэба было бараніць Беларусь і беларусаў, Мікола паступіў у вайсковы эскадрон Барыса Рагулі, быў афіцэрам Беларускай Краёвай Абароны і служыў да 1944 года. З прыходам бальшавікоў быў арыштаваны і на доўгі тэрмін асуджаны. З гарбачоўскай адлігаю вярнуўся ў Літву і ўладкаваўся на паперную фабрыку ў Грыгішках. У Вільні ўдзельнічаў у станаўленні Таварыства беларускай культуры, быў актыўным чальцом, прысутнічаў на ўсіх імпрэзах ТБК. Меў здольнасьці да паэзіі і спеву, але праз сціпласць свой талент не выкарыстаў. Удзельнічаў у сесіі еўрапейскай секцыі Рады БНР.
На жаль, пасля няўдалай аперацыі, стан здароўя яшчэ пагоршыўся і 28 кастрычніка 2002 года Міколы Рулінскага не стала. Пахаваны ў Грыгішках.
Леакадзія Мілаш
Леакадзія Мілаш каротка распавяла пра дыпламата і даследчыка Японіі і Кітая Іосіфа Гашкевіча, помнік якому пастаўлены на іх радзіме ў Астраўцы.
Палітолаг Артур Юдзіцкі распавёў пра палітычнае становішча ў Літве й Беларусі. 28 кастрычніка ў Літве мусіў адбыцца другі тур парламенцскіх выбараў. У першым туры з невялічкім адрывам перамагла «Партыя працы», за ёй былі сацыял-дэмакраты і кансерватары. Як меркаваў палітолаг, у выніку гэтыя тры партыі маглі набраць прыкладна аднолькавую колькасць месцаў у Сойме Літвы. Кожныя 2 з 3 партый могуць ствараць кааліцыю, таму магчымыя 3 варыянты кааліцыйнага ўраду. Паколькі яшчэ адразу пасля першага туру сацыял-дэмакраты й «Партыя працы» папярэдне дамовіліся стварыць кааліцыю, хутчэй за ўсё так і адбудзецца. Для пуцінскай Расіі й лукашэнскаўскай Беларусі гэта дае надзею на больш шчыльныя палітычная стасункі з Літвой. Але ў даўгатэрміновай перспектыве гэтая кааліцыя можа разваліцца і пасля гэтага можа стварыцца кааліцыя сацыял-дэмакратаў і кансерватараў.
Артур Юдзіцкі
Цікавая інтрыга адбываецца вакол заўчасных паведамленняў расійскіх і беларускіх СМІ аб перамозе ў Літве «прарасійскіх сіл», маючы на ўвазе, у першую чаргу, «Партыю працы». Кансерватыўныя і нацыяналістычныя сілы Літвы скарысталіся гэтымі навінамі ў якасці контрпрапаганды, таму фальшстарт расійскіх СМІ паспрыяе, хутчэй, страце галасоў «Партыяй працы» ў другім туры.
Знакавай навіной, якая ўплывае на палітычнае поле Беларусі, з'яўляецца атрыманне Саннікавым палітычнага прытулку ў Вялікабрытаніі. Пасля Міхалевіча гэта ўжо другі з кандыдатаў у прэзіденты РБ на выбарах 2010 года, якія вымушаны жыць за мяжой. Яшчэ адзін з былых кандыдатаў – Статкевіч – знаходзіцца дасюль у турме, а некаторыя іншыя кандыдаты знаходзяцца пад прафілактычным наглядам КДБ.
У варунках адсутнасці зрухаў у бок дэмакратыі і адсутнасці механізму рэальнага падліку галасоў выбарцаў недарэчнымі выглядаюць заявы Мілінкевіча, Някляева, Янукевіча і іншых аб планаваным удзеле ў прэзідэнтскай выбарчай кампаніі 2015 года. Ды яшчэ, як стала ўжо звычкай, кожны заяўляе пра жаданне быць адзіным кандыдатам ад апазіцыі. Было б смешна, калі б ужо не пачалася рэальная сварка паміж іх прыхільнікамі на старонках апазіцыйных СМІ і ў сацыяльных сетках. Просты ж люд, здаецца, больш заклапочаны падвышэннем коштаў на 30-35% на гарэлку, малочныя й іншыя прадукты. Але гэта вядзе не да росту пратэстных настрояў, а да палявання на палічках крамаў.
Няма асаблівай надзеі, што ў варунках усегульнай палітычнай абыякавасці, традыцыйнае шэсце ў Менску на «Дзяды» 28 кастрычніка збярэ хоць пару тысяч удзельнікаў.
Хведар Нюнька распавёў пра асабістае знаёмства з доктарам гістарычных навук, археолагам і грамадскім дзеячам Міхасём Ткачовым, 20-годдзе з дня смерці якога адзначылі ў ТБК.
Дзеля падрыхтоўкі да 1 З’езду Беларускага Народнага Фронту прыехалі з Мінска да Хведара Нюнькі першы намеснік Зянона Пазняка Міхась Ткачоў, мастакі Мікола Купава і Сокалаў-Кубай. Тут на месцы Міхась Ткачоў напісаў зварот да старшыні “Саюдзіса” Вітаўтаса Ландзбэргіса наконт дазвола правесці ў Вільні 25.06.1989 г. З’езд БНФ і забяспечыць удзельнікам з’езду гатэлі, харчаванне, відэаапаратуру з перакладам на літоўскую, ангельскую і рускую мовы. Чарнавік звароту захаваўся і быў паказаны прысутным. Аплату за правядзенне з’езду ўзяў на сябе БНФ. Пазней грошы ў суме 5000 руб. былі перададзеныя праз Х. Нюньку “Саюдзісу”. З’езд, як вядома, быў праведзены паспяхова 25.06.1989 г.
Ад імя БХД партыі з прывітальным словам на імпрэзе выступіла сябра партыі, каардынатар праекта “Пакаянне” Валерыя Чарнаморцава. Яна перадала прывітанне ад кіраўніцтва БХД.
Валерыя Чарнаморцава
Валерыя выказала сваю любоў да дарагой кожнаму беларусу Вільні. Яна прыехала з групай турыстаў з Беларусі, каб прысутнічаць на канцэрце “Ляпіс Трубецкой”.
Пра жыццё і беларускую дзейнасць мастака Яўгена Куліка распавяла мастачка Крыстына Балаховіч. Яўген Кулік рана памёр, але шмат паспеў зрабіць дзеля адраджэння бацькаўшчыны Беларусі.
Крыстына Балаховіч
У сваім выступе Крыстына таксама адзначыла, што 6 кастрычніка споўнілося 250 гадоў як мястэчка Мядзел атрымала магдэбурскае права.
Аглядальнік ТБК ў Вільні