Беларуская вышыўка на міжнародным Фестывалі рукадзелля CreativFestival Fall-2012

Выстава-продаж мастацка-дызайнерскай кампаніі “Spirit of Belarus” адбылася на міжнародным Фестывалі рукадзелля CreativFestival Fall-2012 ў Таронта (Канада) 12-14 кастрычніка.

Міжнародны Фестываль рукадзелля CreativFestival праводзіцца двойчы на год у Таронта. Увосень 2012 год ён адзначаў сваё 25-годдзе. З нагоды юбілейнага святкавання была зладжаная выстава майстроў-дызайнераў вышыўкі Канады (Needlework Designer Line), у якой бралі ўдзел сябры Гільдыі канадскіх дызайнераў вышыўкі (Needlework Designers of Canada). Сярод іх асобным буціком выстаўлялася кампанія "Spirit of Belarus".

Заснавальніцай беларускай мастацка-дызайнерскай кампаніі "Spirit of Belarus" з’яўляецца мастачка і пісьменніца Ірына Варабей, якая жыве ў Таронта. Ірына Варабей – вядомая ў Канадзе дызайнерка вышывальнага мастацтва. Большасць вышываных работ Ірыны выканана ў сучасных тэхніках, але ўсе яны заснаваныя на беларускіх вобразах і традыцыйных беларускіх арнаментах. Вышыўка – мастацтва спецыфічнае. Асноўная маса майстрых-аматарак вышывае паводле набытых схемаў, створаных іншымі дызайнерамі. Таму Ірына, паставіўшы за мэту прэзентаваць беларускую культуру для канадскіх ды амерыканскіх майстрых, не толькі робіць дысплэі са сваімі вышыванкамі, але стварае і схемы, якія можна набыць, каб вышыць такі ж узор для сябе.

Ірына Варабей з’яўляецца сябрам Канадскай асацыяцыі вышывальніц (Embroidery Association of Canada), а таксама сябрам Гільдыі дызайнераў вышыўкі Канады (Needlework Designers of Canada).

Пад брэндам "Spirit of Belarus" ейныя вышываныя работы публікуюцца ў канадскім часопісе рукадзельніц “A Needle Pulling Thread”, супрацоўніцтва з якім пачалося з 2009 г., і ўжо дзесяць работ Ірыны разам з ейнымі артыкуламі-экскурсамі ў беларускую культуру апублікаваныя на старонках папулярнага ў Канадзе часопіса. Характэрна, што мэтай часопіса “ANPT” з’яўляецца прэзентацыя менавіта канадскіх дызайнерак, і гэта азначае, што работу беларускі Ірыны Варабей ён улучае ў сваю канадскую супольнасць.

Пад гэтым жа брэндам і пад эгідай часопіса калекцыя вышыванак Ірыны рэгулярна выстаўляецца на Фестывалях рукадзелля “CreativFestival". Гэты форум рукадзельніц, найбуйнейшы ў свеце, праводзіцца штогод у Таронта (Канада), на яго з’язжаюцца мастакі, дызайнеры, выкладчыкі, камерсанты з усяе Амерыкі ды Еўропы – усе, хто мае дачыненне да гэтага віда мастацтва.

Cёлета на юбілейным шоў Фестываля кампанія "Spirit of Belarus" ладзіла сваю выставу-продаж асобным буціком. Спонсарам выставы была Фундацыя Крэчэўскага.

Работы Ірыны Варабей можна ўбачыць на ейным сайце або ў Фэйсбуку, на бізнес-старонцы кампаніі “SoB”:

Тут можна знайсці ейны артыкул “Трэці шлях”.

Тут сайт часопіса “A Needle Pulling Thread”:

Сайт Фестываля.

Ірына Аксёнава