У Сібіры прайшоў фестываль цымбалістаў і бандурыстаў

У цёплыя вераснёўскія дні ў Доме нацыянальных культур ім. Г. Завалокіна, дзе пастаянна праходзяць канцэрты і вечары, гучалі не зусім звычайныя музычныя інструменты. Спачатку ў рэпетыцыйных залах, потым - на сцэне перад гледачом.

Так пачынаўся 1-шы адкрыты фестываль цымбалістаў і бандурыстаў у Сібіры.

- Спраўдзілася мая даўняя мара, - расказвае дырэктар дзяржаўнага Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Ніна Васільеўна Кабанава. - Яшчэ на святкаванні дзесяцігоддзя цэнтра два гады таму сярод шматлікіх гасцей была запрошаная з Краснаярска майстар гульні на цымбалах Надзея Івашчанка. Меладычныя гукі гэтага інструмента ўжо тады літаральна пакарылі гледачоў. І падумалася: а чаму б і ў Новасібірску не загучаць цымбалам? Тым больш што дзіўны гэты інструмент нам нядаўна падарыў Беларускі рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, а граць на ім не было каму.

І мы зрабілі першы крок. А калі паглядзець шырэй, то, вядома, хацелася, каб была яшчэ большая цікавасць сібіракоў да беларускай культуры.

Для пачатку арганізавалі семінар. З радасцю адгукнуліся кіраўнікі танцавальных і музычных калектываў не толькі з раёнаў і гарадоў нашай вобласці, але і суседзяў - Цюмені, Томска і Барнаула - каля 30-ці чалавек. Удзельнічаць у семінары выказаў жаданне і ўкраінскі моладзевы цэнтр, які ўзначальвае Сяргей Піліпенка, ён сабраў бандурыстаў. Бо і цымбалы, і бандуру аб'ядноўвае многае: абодва інструменты шматструнныя, маюць аб'ёмны гук і падобны прынцып ігры. Хоць да гэтага часу ідуць спрэчкі аб паходжанні цымбалаў, усё ж традыцыйна лічыцца гэты інструмент беларускім, а бандура – украінскім.

Для правядзення семінара мы запрасілі высакакласных спецыялістаў з Магілёва. Сама я родам з Магілёўскай вобласці, таму асабліва прыемна было, што мае землякі ахвотна адгукнуліся на запрашэнне. У першы ж дзень працы семінара стала ясна, што сустрэча задуманая не дарма. Трэба было бачыць, з якой цікавасцю разглядалі ўдзельнікі семінара не зусім звычайны для іх інструмент - цымбалы, як трапятліва дакраналіся да яго струнаў. Майстар-клас праводзіла заг. кафедры народных інструментаў Магілёўскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аксана Кузняцова. Удзельнікі семінара пачулі шмат цікавага пра новы для іх інструмент, вядомы яшчэ з 16-га стагоддзя. Даведаліся пра тое, што раней на ім выконвалася толькі аўтэнтычная музыка, а цяпер цымбалы - неад'емная частка прафесійных аркестраў.

А вось як эмацыйна ацаніла знаёмства з цымбаламі супрацоўнік НЦБК, яго салістка Анастасія Трубянкова.

- Маё першае ўражанне аб цымбалах дзіўнае. Гэты інструмент выдае цудоўныя гукі, якія здабываюцца адмысловымі драўлянымі малаточкамі. Спачатку няпроста было зразумець, як можна імі патрапіць па струнах, але як толькі я разабралася, у мяне адразу атрымалася. Я зразумела, што чалавеку з музычнай адукацыяй гэты цудоўны інструмент асвоіць лягчэй. Рухі рук павінны быць плаўнымі, гэты прыём адпрацоўваецца не адразу. Першы твор, які паказала нам Аксана, - беларуская народная песня «Перапёлкі». Увогуле, семінар - гэта магчымасць далучыцца і ўбачыць асноўныя моманты ігры на незнаёмым інструменце.

Тут трэба адзначыць, што Насця як вакалістка і выканаўца рускіх і беларускіх песень праявіла выдатныя здольнасці і ў засваенні новага для сябе інструмента. Госця з Магілёва высока ацаніла яе першыя поспехі і цікавасць да цымбалаў і нават параіла прайсці курс навучання ў Беларусі.

Для Тамары Грыгор'евай цымбалы не ў навінку. Яшчэ будучы студэнткай Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі яна была запрошаная ў знакаміты Дзяржаўны народны аркестр Беларусі імя. Жыновіча. У Цюмені, дзе Тамара апынулася разам з мужам-вайскоўцам, яна працягвае прапагандаваць беларускую музычную культуру. Арганізавала і кіруе моладзевым ансамблем беларускай песні "Палессе", навучыла свой калектыў ігры на цымбалах, сама выступае з сольнымі канцэртамі. Так што на семінары яна і сама шмат што спасцігла, і магла падзяліцца вопытам ігры на цымбалах.

А Святлана Ермакова з Бердска, кіраўнік ансамбля бандурыстаў, вучыла ахвочых ігры на гэтым цудоўным украінскім інструменце.

Пакуль у адных класах ішлі музычныя заняткі, у іншых спасцігалі мастацтва харэаграфіі танцоры. Праводзіў майстар-клас балетмайстар беларускага народнага калектыву фольк-шоу-балет «Альянс» Аляксей Лукашэвіч. Сібірскія танцоры паказвалі свае дасягненні, а майстар імкнуўся пазнаёміць іх з новымі элементамі, прыёмамі, дамагаючыся максімальнай выразнасці вобраза, стварэння нацыянальнага каларыту. Вынікі такой камунікацыі былі адзначаныя ўсімі ўдзельнікамі семінара. Лілія Сулейка, выпускніца факультэта народнай харэаграфіі Алтайскай акадэміі культуры і мастацтва займаецца з дзецьмі з шасцігадовага ўзросту. І цяпер у сябе ў Барнауле Лілія папоўніць рэпертуар свайго калектыву, дадаўшы да рускіх «Матрошкаў» беларускія народныя танцы «Крыжачок» і «Кросны».

За круглым сталом кіраўнікі і ўдзельнікі семінара адзначылі неабходнасць і мэтазгоднасць падобных творчых акцый. Аднадушнае меркаванне: стварыць адзіны навучальны цэнтр навучання на цымбалах, бандуры, харэаграфіі. Новасібірск, які паклаў пачатак гэтай добрай справе напэўна зможа аб'яднаць педагогаў, майстроў з іншых сібірскіх гарадоў. Дапамогу ў арганізацыі вучобы прапанаваў заг. кафедры народных інструментаў Новасібірскай акадэміі музыкі Аркадзь Бурханаў. Арганізаваць вучобу музыкаў і харэографаў прапанаваў і дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага дома народнай творчасці, член Савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь Алег Хмялькоў. «Мы і раней забяспечвалі НЦБК метадычнай літаратурай, вучэбнымі дапаможнікамі, рэпертуарнымі зборнікамі, - сказаў Алег Фёдаравіч, - а цяпер на свае вочы пераканаліся, што рабіць гэта трэба ўвесь час. У Беларусі паспяхова функцыянуе школа выканальніцтва на цымбалах, і мы маглі б з задавальненнем запрасіць на вучобу сібіракоў».

Госці і ўдзельнікі адзначылі насычаную праграму семінара, спрыяльную творчую атмасферу, а галоўнае – шчырую зацікаўленасць усіх бакоў.

А затым працоўныя будні завяршыліся вялікім святам - фестывалем, дзе танцоры і музыканты паказалі сваё майстэрства не толькі адзін перад адным, але і перад гледачамі. І беларускія цымбалы, і ўкраінская бандура загучалі ў поўную сілу. Аксана Кузняцова, дарэчы, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, віртуозна выканала кампазіцыю на тэму народных мелодый у апрацоўцы Жыновіча. А ў выкананні Тамары Грыгор'евай прагучаў «Славянскі Вянок» з беларускіх і ўкраінскіх песень.

Цымбалы змяняла бандура, і з рэакцыі гледачоў было бачна, што гэтыя меладычныя нацыянальныя інструменты прыйшліся ўсім да душы і прыжывуцца ў Сібіры. Асабліва ўдзячны сярод гледачоў былі ветэраны. Шмат хто аказаўся з беларускімі і ўкраінскімі каранямі, і мелодыі, памятныя з дзяцінства, выклікалі ў іх слёзы замілавання.

Першы фестываль цымбалістаў і бандурыстаў ў Сібіры названы адкрытым. Гэта значыць, што ён адкрыты для ўсіх, хто шчыра жадае прапагандаваць сваю нацыянальную культуру.

І яшчэ. У Новасібірскага дзяржаўнага цэнтра беларускай культуры нямала па-сапраўднаму цікавых справаў. Штогод на вясновы фестываль-конкурс (у гэтым годзе ўжо шосты!) злятаюцца бусляняты - юныя артысты з многіх сібірскіх гарадоў і вёсак; традыцыйнымі сталі «Лявоніха», фестываль беларускай саломкі і іншыя. Хочацца верыць, што і гэтае звонкае свята будзе традыцыйным.

Далучайцеся!

Людміла Бяляўская, Новасібірскі дзяржаўны цэнтр беларускай культуры