Свята бульбы ў Новасібірску

“Раз   картошка, два   картошка…” - радкі гэтыя знаёмыя нам яшчэ з дзяцінства і зрабіліся штодзённымі. А вось у Машкоўскім раёне Новасібірскай вобласці арганізавалі сапраўдны бульбяны фэст. Паколькі тут пражывае нямала беларусаў, свята назвалі з беларускім каларытам «Свята бульбы».

На сталах, выстаўленых на плошчы перад Домам культуры, дэманстравалі свае кулінарныя здольнасці і сібірскія гаспадыні, і беларускія. Наведвальнікі ўбачылі сапраўдныя мастацкія кампазіцыі з дароў восені і галоўнага з іх - бульбы. Фантазія удзельніц конкурсу праявілася і ў разнастайнасці страваў, і ў назвах, і ў афармленні.

Няпроста было членам журы і ўсім, хто каштаваў стравы, вызначыць, што ж смачней. Бульбяныя піражкі з грыбамі, цыбуляй, са скваркамі, або бульба-чарапаха, рабчык, і нават бульба ў цяльняшцы, ну і, вядома, знакамітыя дранікі. Натуральна, адзначаныя ўзнагародамі і падзякамі былі ўсе ўдзельніцы.

На фоне гэтай смачнай выставы арганізатары свята наладзілі яшчэ адзін конкурс - на веданне гісторыі паходжання бульбы. І ўсе, хто прыйшоў на свята, пра такую ​​родную знаёмую бульбу пачулі шмат цікавага. Са здзіўленнем даведаліся, што радзіма бульбы зусім не Беларусь, як лічылі многія, а Паўднёвая Амерыка. І што ў Беларусі бульба з'явілася ў 17 стагоддзі і была спачатку не масавым прадуктам, а толькі вынаходніцтвам для панскага стала. Просты ж люд ставіўся да заморскага дзіва з вялікім недаверам, называючы яго землянымі яблыкамі. Паступова, спазнаўшы смак, народ пачаў лічыць бульбу другім хлебам. Ды і цяпер лічыць.

Бульба даўно ўвайшла ў беларускі фальклор, пра яе спяваюць песні, а папулярную беларускую польку можна лічыць сапраўдным гімнам бульбе.

Запрошаныя на свята госці з Беларусі, ацаніўшы бульбяныя дэлікатэсы тут, у Сібіры, яшчэ раз пераканаліся, што і ў Расіі ведаюць і любяць бульбу не менш, чым у Беларусі. І гэта таксама радніць нашыя народы, а значыць бульба - прадукт інтэрнацыянальны.

Людміла Бяляўская, Новасібірскі дзяржаўны цэнтр беларускай культуры