Вераснёўскія будні ў ТБК Літвы

У апошнюю суботу верасня ў ТБК адбылося чарговае мерапрыемства. Яно было прысвечана тым беларускім дзеячам, якія ў той ці іншай ступені спрычыніліся да развіцця беларускай культуры, мовы, станащлення дзяржаўнасці.

На сустрэчы прысутнічалі госці з Працоўнай Партыі Літвы: Вілія Філіповічэне і Іван Філіповіч.

Вілія Філіовічэне - намеснік старшыні партыі (кіраўнік Віктар Успаскіх), старшыня аддзела Партыі Працы (Darbo Partija) Вільнюскага раёна, член савета Вільнюскага раёна.

Вілія нарадзілася ў 1959 годзе ў Іркуцку ў сям’і рэпрэсаваных літоўцаў. У 1965 сям’я вярнулася  ў Вільню. З 2005 г. ў Партыі Працы. Была прызначаная старшыней партыі ў Шальчынінкайскім раёне. Вынікам яе працы ёсць адно з лідзіруючых месцаo партыі у рэгіёне.

Вілія вызначыла асноўныя моманты партыйнай праграмы, распавяла пра раcстаноўку палітычных сілаў  у Вільнюскім раёне, узгадала праблемы рэгіёна і вызначыла асноўныя кірункі вырашэння актуальных пытанняў.

Іван Філіповіч - старшыня Партыі Працы Шальчынінкайскага раёна - распавёў пра перспектывы развіцця партыі ў Шальчынінкайскім раёне і стратэгію партыі  на цяперашніх выбарах.

Далей Алесь Адамковіч расказваў пра творчасць Максіма Танка і зачытаў некалькі вершаў паэта.

Максім Танк - адно з самых яркіх імёнаў у гісторыі беларускай літаратуры.

Паэт бунтар, паэт патрыёт, паэт сатырык, паэт філосаф, паэт наватар… А па жыцці – надзвычай сціплы чалавек, які не любіў гучных словаў і бляску пражэктараў.

Паэзія Максіма Танка ўражвае разнастайнасцю тэмаў, вобразаў, формаў, творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. А галоўная тэма, якая праходзіць праз усю творчасць М. Танка, - Радзіма ў самых розных яе праявах: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях, праца, песні, мары народа, маляўнічая прырода, мілагучная родная мова.

У верасні споўнілася 189 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі. Пра яго творчасць і жыццёвы шлях распавёў Зміцер Карачун. Сапраўднае імя Уладзіслава Сыракомлі - Людвік Францішак Уладзіслаў Аляксандравіч Кандратовіч. Беларускі паэт, публіцыст, крытык, перакладчык, этнограф нарадзіўся 29 верасня 1823 г. у фальварку Смольгаў Бабруйскага павета Мінскай губерні. Сыракомля - аўтар шасці кніг перакладзеных паэтаў-лаціністаў, двухтомнай «Гісторыі літаратуры ў Польшчы», некалькіх асобных выданняў гутарак-паэмаў, а таксама зборнікаў лірычных твораў. Шмат увагі надаваў падтрымцы творчасці землякоў на беларускай мове (В. Дунін-Марцінкевіч, А. Вярыга-Дарэўскі і інш.). Наважыўся сумесна з В. Каратынскім выдаць кнігу беларускамоўных вершаў, выявіўшы пры гэтым разуменьне грамадскай патрэбы ў вывядзенні беларускіх твораў на самастойны шлях.

У фарным касцёле ў Нясвіжы, касцёле святога Яна ў Вільні, а таксама на доме ў Вільні, дзе ён памёр, усталяваныя памятныя шыльды. У Нясвіжы і Варшаве ёсць вуліцы, якія носяць яго імя. Імем У. Сыракомлі названая адна з сярэдніх школ у Вільні. Песні на словы паэта напісалі I. Залескі, С. Манюшка. С Грушвіцкі і інш. Паводле паэмы «Маргер» К. Горскі стварыў аднайменную оперу. Скульптурны партрэт паэта зрабіў А. Шатэрнік.

Хведар Нюнька нагадаў пра Кастуся Шышэю, які быў актыўным удзельнікам у справах беларусаў Вільні, стаяў ля вытокаў Таварыства Беларускай культуры ў Літве, удзельнік эскадрона Барыса Рагулі, вязень ГУЛАГа. Ён памер 8 гадоў таму. У верасні яму споўнілася б 90 гадоў.

На заканчэнне сустрэчы старшыня беларускага прадстаўніцтва ў Літве сп. Алег Мяцеліца прэзентаваў канцэрты беларускіх гуртоў, якія адбудуцца ў кастрычніку ў Вільні.