Асамблея НДА выступіла суарганізатарам кангрэсу даследчыкаў Беларусі

У Коўне скончыў працу другі Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі, адным з суарганізатараў якога выступіла Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. Адной з асаблівасцяў форуму было правядзенне даследчыкамі грамадзянскай супольнасці асобнай міждысцыплінарнай сесіі па абмеркаванні пралемаў даследавання трэцяга сэктару ў Беларусі.

Цягам сесіі былі акрэсленыя сярод іншых праблемаў адсутнасць трывалага каналу для распаўсюду інфармацыі пра актуальныя даследаваньні і адсутнасць пляцоўкі для размяшчэння вынікаў даследванняў, даступнай для шырокага кола грамадскасці.

Агулам экспертамі былі прадстаўленыя 11 дакладаў, што тэматычна належалі да трох плыняў даследаванняў.

Першая група паведамленняў была прысвечаная агульным пытанням развіцця грамадзянскай супольнасці як цэласнага аб’екту. У прыватнасці, у дакладах Эдуарда Гладышава ды Уладзіміра Люкевіча прагучаў аналіз культурных перадумоваў развіцця грамадзянскай супольнасці, у тым ліку спецыфікі беларускага кейсу. У дакладзе Юрыя Чавусава быў дадзены агляд наяўнага стану даследаванняў грамадзянскай супольнасці ў межах розных дысцыплінаў.

Другі блок сесіі закрануў тэму карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці як фактара развіцця грамадзянскай супольнасці. Цягам дыскусіі быў прааналізаваны эмпірычны досвед асобных арганізацыяў, а таксама прадстаўленыя матэрыялы двух даследаванняў карпаратыўнай адказнасці бізнесу (Павал Вештард) і карпаратыўнага валанцёрства (Ягор Мароз).

Даследаванням дзейнасці арганізацыяў трэцяга сэктару ў асобных сферах альбо асобных аспектах быў прысвечаны трэці блок. Тут прагучалі даклады пра дзейнасць арганізацыяў аховы навакольнага асяроддзя (Сяргей Магонаў), пра ўяўленні беларусаў адносна правоў чалавека і правабарончай дзейнасці (Аксана Шэлест), пра новыя сацыяльныя рухі ў Беларусі на прыкладзе незалежнай рок-сцэны (Мая Зэнтара), пра ахову здароўя (Алена Лобан), пра прававыя аспекты камунікацыі арганізацыяў грамадзянскай супольнасці з дзяржаўнай уладай у межах спецыяльных кансультатыўных і экспертных саветаў (Вольга Смалянка), пра супрацьдзеянне карупцыі (Іван Валюшка).