Лана Вілебранд — пра беларускія кнігі па-шведску

Гэтымі днямі ў шведскім горадзе Гётэборг праходзіць традыцыйны кніжны кірмаш. Сёлета на ім прадстаўлена адразу некалькі кніг беларускіх пісьменнікаў. Лана Вілебранд — пра пяць кніг беларускіх аўтараў, якія былі выдадзеныя ў Швецыі ў перакладах менавіта з беларускай мовы.

Лана Вілебранд

Barys Pjatrovitj, «Fresker». Rámus förlag, översättning från belarusiska av Dmitri Plax. Malmö, 2008

У кастрычніку 2008 года выдавецтва "Рамус" выпусціла першую кнігу, якая была перакладзеная з беларускай на шведскую, без пасярэднічання рускамоўнага падрадкоўніка, як тое было раней. Беларускі першынец ёсць лірычным зборнікам Барыса Пятровіча "Фрэскі" ў перакладзе Дзмітрыя Плакса. Журналіст, драматург, перакладчык, мастак, пісьменнік Дзмітры Плакс цяпер працуе прадзюсарам і драматургам у Радыётэатры Шведскага радыё (Першы нацыянальны канал) і такім чынам, займае стратэгічную пасаду, што тычыцца магчымасцяў выкарыстоўвання радыё як сродку папулярызацыі літаратурных твораў. Пасада пасадай, але без якасных твораў і якасных перакладаў немагчыма было б "прасунуць" беларускіх аўтараў на Першым нацыянальным, на якім за апошні час пастаўлена ажно 4 п’есы (слухайце ў інтэрнэце)! Як "Фрэскі" сустрэлі ў Швецыі? "Рамус" размясціў на сваім сайце некалькі водгукаў рэцэнзентаў: "Фрэскі" трымаюцца на даверы і сцверджанні здольнасці мовы пранесціся праз цела, аловак, думкі. Насуперак усяму. З неадкладным вынікам" — Йені Тунедаль, "Афтонбладэт". "Мадэрніст, такога ж кшталту, як Маякоўскі і Бруна К. Эйер — глыбокі рамантык, які не пазбягае ні асабістага, ні палітычнага" — Кайса Эбэр Ліндстэн, "Гётеборгс-Постэн".

Першы друк не абышоўся без скандалу. Часопіс “Спрокціднінген”, прысвечаны мове, надрукаваў артыкул пра першы пераклад з беларускай пад двухсэнсоўнай назвай “З беларускай на шведскую без пасярэднікаў” — і, як высветлілася, свядома апусціў імя перакладчыка. Быццам вось гэтакая прыродная з’ява. Не было перакладаў з беларускай, і вось, з’явіліся. Якія роля і месца перакладчыка? Пасля даволі бурнай дыскусіі ў сродках масавай інфармацыі, у якой прынялі ўдзел многа прафесійных перакладчыкаў, часопіс унёс імя Дзмітрыя Плакса ў тэкст на сайце і публічна ў газеце папрасіў прабачэння.

Barys Pjatrovitj “Torget”, översättning från belarusiska av Dmitri Plax. Rámus förlag, Malmö, 2011

У 2011 годзе “Рамус” выпусціў яшчэ адзін твор Барыса Пятровіча ў перакладзе Дзмітрыя Плакса — “Плошча. Гісторыя аднаго кахання”. Выдавецтва піша пра змест: “Плошча расказвае мноствам галасоў гісторыю кахання, барацьбы, страху і рэальнасці пры дыктатуры”. Літаратурная аглядальніца адной з найбуйнейшых шведскіх газет “Сьвенска Дагбладэт” Йоганна Ліндблад піша, што “аповесць ёсць непрыемна актуальнай, бо дыктатура Лукашэнкі пасля апошніх „выбараў“ (двукоссі Ліндблад) у Беларусі 19 снежня 2010 года пачала выкарыстоўваць яшчэ больш жорсткія метады, каб прымусіць маўчаць апазіцыю”. Ліндблад прапануе цёпла папляскаць выдавецтву, якое прадставіла шведскім чытачам настолькі актуальнага аўтара. Пераклад Дзмітрыя Плакса называецца ў рэцэнзіі “эмпатычным, дакладным”, але выказваецца і пажаданне некаторых моўных паправак у тэксце… Шкада, што гэты каментар па-простаму стаіць у тэксце, трохі амёбны і нейкі дзяжурны, як быццам крытык лічыць, што нешта падобнае трэба напісаць, калі перакладчык не мае шведскую мову роднай. Мове наогул даецца шмат увагі ў каментарах. Лёс беларускай мовы за савецкім часам і яе стан сёння чырвонай ніткай праходзіць праз аповесць, і для многіх шведскіх рэцэнзентаў у гэтым ёсць найцікавейшы кампанент твору.

Veteranen av Vasil Bykau. Översättning från belarusiska av Nils Håkansson. Ruin förlaget, 2008.

​​“Аўганец” Васіля Быкава, у перакладзе “Ветэран”, выдадзены ў тым жа важным для беларускай кнігі ў Швецыі 2008 годзе выдавецтвам “Ruin”, якое спецыялізуецца на перакладной літаратуры. Нільс Хокансан, вядомы перакладчык і творца, дасканала валодае рускай мовай і вывучыў беларускую падчас працы над творчасцю Быкава. ​​“Аўганец” гучаў у Швцыі нават як тэатральная пастаноўка на першым радыёканале. Ва ўступе да пастаноўкі гаворыцца, што аповесць Быкава характарызуецца чорным гумарам, “якім часта карыстаюцца людзі, якія жывуць пры дыктатуры, калі нічога іншага не застаецца”. Тая ж Йоганна Ліндблад са “Сьвенска Дагбладэт” піша, што перакладчык Нільс Хокансан вельмі ўмела перадаў аўтарскі стыль, і ў чытача складваецца адчуванне блізкасці да таго, як Ступак — галоўны герой — уяўляе свет. Гэтае ўяўленне, піша рэцэнзент, уключае разуменне аб абсурднай непрадказальнасці таталітарнай паўсядзённасці і нязначна малой магчымасці індывіду ўплываць на сваё жыццё.

Andrej Chadanovitj «Fria verser», översättning från belarusiska av Dmitri Plax. Ersatz, Stockholm, 2011.

Паэт Андрэй Хадановіч прадстаўлены ў Швецыі двухмоўным зборнікам “Вольныя вершы”, у перакладзе Дзмітрыя Плакса. 10 вершаў. Насамрэч вольныя. Без прадмовы і пасляслоўя. Якія ёсць. На дзвюх старонках — паралельныя беларускія і шведскія радкі. Вельмі звычайна і часта сустракаецца. У розных моўных камбінацыях. Як і павінна быць. Як і ёсць ў краінах, дзе “свабодны” азначае проста — не заняты. А не тое, што не, яшчэ не арыштаваны… Шведскаму чытачу трэба добра арыентавацца ў сучаснай інфармацыйнай прасторы, каб зразумець некаторыя радкі вольных вершаў.

"Språket som svalan bor i dess hjärta". Belarus Litteraturresan — En antologi. Midsommarförlaget 2011.

“Анталогія — літаратурнае падарожжа” ёсць унікальным праектам, на 384 старонках якога прадстаўлена сучасная беларуская літаратура, паэзія, эсэістыка і даецца артыкул з гістарычным аглядам развіцця літаратуры ў Беларусі, пачынаючы са Скарыны. Гэта падарожжа для шведскага чытача ў новую для яго літаратурную прастору; гэта падарожжа для беларускіх удзельнікаў, бо анталогія аздобленая шматлікімі здымкамі і можа стаяць на паліцы як альбом з фотакарткамі і напамінам пра сустрэчы і падзеі ў літаратурнай вандроўцы; гэта падарожжа і для аўтара праекту, Марыі Сёдербэрг, якая сабрала ў адзін том творы тых людзей і здымкі тых мясцін, якія сталі для яе самой пачаткам кахання да Беларусі і ператварыліся ў несканчальную працу, каб давесці да суайчыннікаў досвед пра краіну-суседку. Пачатак кахання да Беларусі — гэта сумеснае падарожжа з Рышардам Капусцінскім у Пінск, горад, дзе ён нарадзіўся, якое стала першым крокам да таго, што зараз, праз десяць год і незлічоную колькасць сустрэч, чытанняў і перакладаў стала анталогіяй, у назву якой Марыя вынесла радок з верша Вольгі Іпатавай “Мова ластаўкай жыве ў сэрцах”. Рэцензент газет “Хельсінгборгс дагблад” Гунар Бэргдаль дзівіцца разнастайнасці галасоў, якія гучаць са старонак кнігі: “Анталогія раскідваецца ад чыстага Транстрэмера да справаздачы Святланы Алексіевіч з дэманстрацый пасля выбараў 2010 года”. Рэцэнзія заканчваецца радкамі: “Літаратура як надзея. І як магчымасць. Са счарнелым беларускім контурам”. Пераклады зробленыя пераважна з беларускай мовы, але некаторыя тэксты таксама з рускай і польскай. Імёны перакладчыкаў добра вядомыя ў Швецыі: Андэрс Бадэгорд, Нільс Хокансан, Томас Нідаль, Яніна Арлоў, Дзмітры Плакс, Кайса Эбэр Ліндстен, і сярод іх — пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан і яго жонка Вераніка. Зараз, як вы чытаеце гэтыя радкі, я стаю ля стэнда “Беларусь — літаратурнае падарожжа” і, як звычайна, спыняю наведвальнікаў кніжнага кірмашу, каб запытаць, што яны ведаюць пра Беларусь… і спадзяюся, што летняя шуміха, паднятая ў Швецыі дэсантам мядзведзікаў, прынамсі, прывяла да таго, што шведская чытаючая публіка даведалася, дзе знаходзіцца Беларусь. Бо пра тое, што там ствараюць цікавыя сучасныя творы, яны могуць даведацца на месцы, узяўшы ў рукі адну з беларускіх кніжак, у перакладзе, або пачуўшы некаторых аўтараў — у арыгінале.