Выстава да 100-годдзя Максіма Танка ў Варшаве

Адкрыццё выставы, прысвечанай юбілею 100-годдзя Максіма Танка, прайшло ў Культурным цэнтры Беларусі ў Варшаве. Прэзентаваныя фотаздымкі і матэрыялы дазволілі пазнаёміцца не толькі з літаратурнай спадчынай паэта, але і ягонай грамадска-палітычнай дзейнасцю. Пра падрабязнасці выстаўкі распавядае Вольга Гулева, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры:

– Што датычыцца нашай выставы, вы не ўяўляеце, наколькі заўсёды складана выбраць такую назву, каб яна адпавядала менавіта гэтаму, а не іншаму чалавеку. І што датычыцца назвы выставы – «Гартаючы жыцця свайго старонкі» – гэта словы самога Максіма Танка, прычым гэта словы з аднаго з апошніх вершаў, які быў напісаны ў 1993 годзе, калі ён ужо быў сталым чалавекам. А яго не стала ў 1995 годзе. І ў пэўным сенсе гэты верш – падвядзенне вынікаў пройдзенага шляху – і жыццёвага, і творчага. Юбілейную выстаўку арганізаваў Культурны цэнтр Беларусі ў Варшаве сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.