«Лемантар» з «Пагоняй» на вокладцы выдадзены ў Польшчы

У Польшчы выйшаў падручнік па беларускім алфавіце для дзяцей. Да пачатку новага навучальнага году яго склала настаўніца Аліна Ваўранюк.

Беларуска паводле паходжаньня, яна выкладае родную мову ў чацвёртай школе Беластока. Як маленькія беларусы Польшчы вучаць родную мову? Пра гэта з Алінай Ваўранюк пагутарыў карэспандэнт «Свабоды». Карэспандэнт: Аліна, як многа дзяцей займаюцца па вашым падручніку? Ваўранюк: Лемантар толькі што надрукаваны. Сёння збіраемся высылаць яго ў Міністэрства адукацыі. Каб распаўсюдзіць падручнік па ўсіх школах, дзе выкладаюць беларускую мову, неабходна адабрэнне ад Мінадукацыі. Пакуль па лемантары займаюцца толькі мае вучні. Сёлета ў 4-й школе ў Беластоку 14 першакласнікаў і 19 другакласнікаў, якія вывучаюць родную мову. Карэспандэнт: Якія водгукі ад першых чытачоў? Ваўранюк: Ім вельмі падабаецца! Я бачу, як ахвотна мае вучні з ім працуюць. Я думаю, гэта найважнейшае, каб кніга была цікавая дзецям. Карэспандэнт: Большасьць школьнікаў у Беларусі вучаць мову па «Буквары» Анатоля Клышкі. Чым «Лемантар» ад яго адрозніваецца? Ваўранюк: У апошнім выданні Клышкі, якое трапляла мне ў рукі, дазваляецца на адным уроку ўводзіць пару літар. Беларускія першакласнікі ўжо ведаюць літары. Беларускія дзеці, якія жывуць у Польшчы, літараў не ведаюць. Гэта для іх цалкам новае. Да рэформы адукацыі ў Польшчы выхавацелькі ў садку вучылі дзяцей літарам. Цяпер нават польскія літары дзеці вывучаюць з першага класа. Беларускія дзеці вучаць літары з другога класа. Складаючы «Лемантар», я гэта ўлічвала. Карэспандэнт: Як выглядае змест «Лемантара»? У кніжцы толькі літары ад А да Я? Ваўранюк: У канцы я зрабіла слоўнік і тэматычныя старонкі — Дзень маці, Дзень бабулі, Каляды, Вялікдзень, Дзень Волі. Да тэмаў падабраныя вершы, практыкаванні і песні. Іх настаўніку можна выкарыстоўваць у любы час. Бо ў першым класе мы гуляем, спяваем, малюем. Уласна алфавіт пачынаем вучыць на наступны год. Карэспандэнт: Вершы якіх аўтараў вы выкарыстоўвалі для ілюстрацый? Ваўранюк: Ёсць вершы для дзяцей беларускіх паэтаў Польшчы — Віктара Шведа, Міры Лукшы, але перадусім гэта аўтары з Беларусі: Дзеружынскі, Сокалаў-Воюш, Хадановіч. Карэспандэнт: На вокладцы «Лемантара» намаляваны маленькі рыцар з «Пагоняй». У Беларусі такое нават цяжка ўявіць! Хто аўтар малюнкаў? Ваўранюк: Мастацкае афармленне рабіў Мацей Здрайкоўскі. Ён жыве ў Беластоку, а вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Менску. Сёлета да нас у першы клас прыйшоў ягоны сын. Твар рыцара з вокладкі вельмі падобны да яго. Карэспандэнт: Аліна, калі вы бываеце ў Беларусі, ці многа кніжак, прыдатных для сваёй працы, тут знаходзіце? Ваўранюк: У найлепшыя гады, у пачатку 90-х, я купляла шмат-шмат дыдактычнай літаратуры з гульнямі, практыкаваннямі. У мяне было многа матэрыялу. Ведаю, што цяпер мэтадычных дапаможнікаў па беларускай мове менш і менш. Тым больш тых, якія можна выкарыстоўваць у працы.