Памятную дошку Якубу Коласу ўстановяць у Вільні ў 2012 годзе. Аб гэтым праінфармаваў міністр культуры Беларусі Павел Латушка падчас святкавання Дзён культуры Беларусі ў Літве.
Дні беларускай культуры адкрыліся ў панядзелак у Нацыянальнай філармоніі Літвы ў Вільні, дзе Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава выканаў творы Пятра Чайкоўскага, Дзмітрыя Смольскага, Джорджа Гершвіна і Іагана Штрауса. У публічнай бібліятэцы імя А.Міцкевіча пачала працу выстава «Янка Купала і Літва» з калекцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
У межах Дзён культуры пройдуць гастролі фальклорнай групы «Купалінка», Тэатра-студыі кінаакцёра — ён пакажа спектаклі «Сродак Макрапуласа» і «Нумар 13»; Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.