23 верасня, у дзень парламенцкіх "выбараў", беларусы Варшавы зладзілі пікет каля беларускай амбасады ў Варшаве.
Пікет распачаўся а 8 раніцы і быў прысвечаны байкоту парламенцкіх "выбараў" у Беларусі.
Актывісты, якія прыйшлі да беларускай амбасады, трымалі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі, расцяжку "Байкот дыктатуры" і партрэты палітвязняў. Прысутныя заклікалі да байкоту парламенцкіх выбараў і прапаноўвалі паўдзельнічаць у альтэрнатыўным галасаванні. У бюлетэні можна было прагаласаваць за свабоду, незалежнасць і дэмакратыю ў Беларусі.
Адзін з арганізатараў акцыі, кіраўнік Беларускага Дома ў Варшаве Зміцер Бародка адзначыў:
- Амбасада Беларусі сёння з'яўляецца выбарчым участкам. Мы прыйшлі сюды, каб заявіць аб тым, што ў Беларусі няма выбараў. Мы выступаем за байкот парламенцкіх выбараў як першы крок да агульнанацыянальнай кампаніі байкоту дыктатуры.
Звычайныя беларусы, якія прыйшлі галасаваць, з ахвотай узялі ўдзел у альтэрнатыўных выбарах і падтрымалі пікетчыкаў. Яны скардзіліся, што ў пакоі для галасавання была схаваная відэакамера, што парушае права на тайнае галасаванне.
Зміцер Бародка адзначыў, што галасуюць на выбарчым участку ў Варшаве пераважна самі супрацоўнікі амбасады.
- У асноўным гэта супрацоўнікі амбасады, якія выходзяць з аднаго боку амбасады, ідуць у аддзяленне кансуляту, дзе месціцца выбарчы ўчастак, і галасуюць. Я магу сказаць, што паводле спісаў тых, хто прагаласаваў на сённяшні момант (з улікам датэрміновага галасавання), на 12 гадзін у амбасадзе прагаласавала каля 50 чалавек. Але ад 8 да 12 гадзіны мы налічылі каля 15 чалавек, якія прыйшлі на галасаванне. Каля паловы з іх - супрацоўнікі амбасады, якія прыехалі на мікрааўтобусе з дыпламатычнымі нумарамі.
Актывісты адзначылі вялікую цікавасць польскіх СМІ да акцыі і падтрымку звычайных палякаў.
- Што цікава, супрацоўнікі беларускага дзяржаўнага тэлебачання, якія здымалі выбары ў амбасадзе, таксама ўзялі ўдзел у нашым альтэрнатыўным галасаванні. Таксама мы адчулі падтрымку ад звычайных жыхароў Варшавы, якія падыходзілі да нас або ў знак салідарнасці сігналілі, праязджаючы міма амбасады, - пракаментаваў адзін з удзельнікаў акцыі.
На заканчэнне акцыі Зміцер Бародка аб'явіў, што байкот выбараў адбыўся.
- Мы бачым, як мала беларусаў Варшавы прыйшло на выбарчы ўчастак у амбасадзе. Гэта азначае, што ўсё больш людзей разумее, што ў Беларусі няма выбараў.