Выстава родных палітвязняў у фае драмтэатра ў Беластоку

Выстава фотаздымкаў родных былых і цяперашніх палітычных зняволеных у Беларусі працуе ў Беластоку.  Адкрыццё выставы звязанае з прэм’ерным чытаннем на сцэне Драматычнага тэатра імя Аляксандра Вянгеркі п’есы “Чарнобыльская малітва” паводле аднайменнай кнігі беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч. Пра гэта паведаміла дырэктарка тэатра і рэжысёрка Агнешка Карыткоўская-Мазур, якая такім чынам падкрэслівае, што прэм’ернае чытанне адбудзецца напярэдадні парламенцкіх выбараў у Беларусі:

– У бакавой частцы тэатральнага фае, дзякуючы Беларускаму Дому і пасярэднікам, месціцца выстава фотаздымкаў родных палітычных зняволеных, і гэта вельмі адпавядае майму стаўленню да гэтага пытання. Таксама напрыканцы самога спектаклю будзе бонус у выглядзе голаса датыхчасовага кіраўніка Беларусі, які адназначна выказваецца наконт будаўніцтва ядзерных рэактараў на Беларусі. І спадзяюся, што мы такім чынам выкажамся на тэму выбараў і на тэму ўсяго таго, што падчас іх можа адбыцца.

Выставу фотаздымкаў можна пабачыць у фае беластоцкага Драматычнага тэатра. Тамсама размесціцца “Музей Чарнобыля”, які стане своеасаблівым працягам сцэнаграфіі спектакля “Чарнобыльская малітва. Хроніка будучыні”, прэм’ернае чытанне якога адбудзецца ў суботу, 22-га верасня, а 19-й гадзіне.