Рэзкае зніжэнне: у Эстоніі жыве 12 419 беларусаў

Паводле папярэдніх звестак перапісу насельніцтва і жылых памяшканняў, што прайшоў у Эстоніі ў 2011 г., у гэтай краіне жыве 12 419 беларусаў, прычым мужчыны складаюць 5 258 чалавек, жанчыны — 7 161.

Сярод неэстонскага насельніцтва беларусы складаюць трэцюю групу, следам за расейцамі (321 198) і ўкранцамі (22 302).

Фінаў у Эстоніі пражывае 7 423 чалавекі. Уласна эстонцаў — 889 770.

Усяго тут жывуць прадстаўнікі 192 нацыянальнасцяў, з іх 37 этнічных групаў налічваюць больш чым па 100 чалавек, паведамляe Postimees.

Колькасць нашых суайчыннікаў, якія запісваюцца беларусамі, няўхільна зніжаецца.

Паводле звестак на 1989 г., у гэтай краіне жыло 28 тыс. беларусаў, у 2005 г. Міністэрства статыстыкі давала лічбу ў 21 тыс., у 2008 г. — 16 тыс.

Перапісы ў Эстоніі праходзяць раз на 10 гадоў.